прысту́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.
1. Падножка, ступенька, па якіх падымаюцца ўверх або спускаюцца ўніз. Прыступка трамвая. □ Борзда падняўшыся па прыступках ганка, .. [Веньямін] зайшоў у калідорчык і пастукаў у першыя дзверы. Навуменка. Гэты нізенькі ў дзве прыступкі ганак быў улюбёным месцам адпачынку для ўсіх жыхароў нашай кватэры. Ракітны. Па добра знаёмай крутой лесвіцы з абцёртымі прыступкамі .. [Вера] ўзабралася на мансарду. Асіпенка.
2. перан. Разм. Асобны этап у развіцці чаго‑н., у якой‑н. справе. Вызваленне беларускага народа з царскіх і панскіх ярэм — яшчэ адна прыступка ў будыніне канчатковай свабоды чалавецтва. Лужанін. Але ні да чаго так не ляжала яго сэрца, як да працы журналіста. Ён зведаў усе прыступкі гэтай складанай справы — ад пасыльнага да рэдактара. Машара.
прысту́пна, прысл.
Абл. Зручна, лёгка (ісці). Перад самай вёскай Тышкевіч загадаў людзям разгарнуцца ланцужком. Снег пад гарой мелкі, ісці было прыступна. Асіпенка. Ісці па ямах босай было мякка і прыступна. Пташнікаў.
прысту́пны, ‑ая, ‑ае.
Абл. Да якога можна прыступіцца, прыступіць; даступны. Данька смяяўся сабе, што Зінка стала больш смелая, больш прыступная і ў той жа час нейкая больш задзірыстая. Ермаловіч.
прыстыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прыстыць.
прысты́ць, ‑стыну, ‑стынеш, ‑стыне; зак.
Прыстаць, прыліпнуць да чаго‑н. пад уздзеяннем марозу, холаду. Пальцы прыстылі да жалеза. □ А за карабін голай рукой не возьмешся — прыстыне. Хомчанка. // перан. Прытуліцца, прыціснуцца да чаго‑н. [Аверка] саскочыў з падножкі і, пачуўшы за плячамі частакол, прыстыў да яго. Пташнікаў. [Эльвіра] заўважыла і спахапілася: — Што ж вы, Алека, прыстылі да вешалкі! Праходзьце, сядайце... Хадановіч. // Спыніцца дзе‑н.; застыць. Ад варот падыходзіў мужчына, высокі, як і Андрэй, у сялянскай вопратцы. Прыстыла [Ніна] на парозе, з рыбінай і нажом у руках. Лобан.
прыстэ́павы, ‑ая, ‑ае.
Які размяшчаецца, знаходзіцца каля стэпу. На сухіх пясчаных глебах — чыстыя аднаярусныя саснякі, а на ўрадлівых глебах — прыстэпавыя бары, якія ў мінулым займалі значна большыя плошчы. Гавеман.
прысу́д, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Рашэнне суда; прыгавор. Бадай у пустым ужо зале суд вынес прысуд. Лынькоў. Словы прысуду былі нейкія быццам цяжкія, але яны не прыгняталі. Савіцкі. // перан. Меркаванне, думка аб чым‑н., ацэнка чаго‑н. Пятро не зводзіў вачэй з Галіны, стараючыся прачытаць на жончыным твары прысуд свайму рашэнню. Шахавец.
2. Рашэнне, пастанова якой‑н. арганізацыі, сходу. [Дзетдомаўцам] таксама непрыемна, што вось ён, Арсень Зайцаў, член дзіцячага савета, добры вучань і выхаванец, стаіць і чакае прысуду. Нядзведскі. І што асабліва ўрэзалася ў памяць Пракопу, дык гэта Лапко і яго праўдзівае прызнанне, і той прысуд, які вынесен быў яму сходам калгаснікаў. Колас.
прысу́джаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прысудзіць.
прысуджа́цца, ‑аецца; незак.
Зал. да прысуджаць.
прысуджа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прысудзіць.