прысу́д, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Рашэнне суда; прыгавор. Бадай у пустым ужо зале суд вынес прысуд. Лынькоў. Словы прысуду былі нейкія быццам цяжкія, але яны не прыгняталі. Савіцкі. // перан. Меркаванне, думка аб чым‑н., ацэнка чаго‑н. Пятро не зводзіў вачэй з Галіны, стараючыся прачытаць на жончыным твары прысуд свайму рашэнню. Шахавец.
2. Рашэнне, пастанова якой‑н. арганізацыі, сходу. [Дзетдомаўцам] таксама непрыемна, што вось ён, Арсень Зайцаў, член дзіцячага савета, добры вучань і выхаванец, стаіць і чакае прысуду. Нядзведскі. І што асабліва ўрэзалася ў памяць Пракопу, дык гэта Лапко і яго праўдзівае прызнанне, і той прысуд, які вынесен быў яму сходам калгаснікаў. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)