прысту́к, ‑у, м.
Лёгкі стук; прыстукванне. Вось тут і пачаліся праўдзівыя танцы — з прыстукамі і іншымі аздобамі. Бядуля.
прысту́кванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыстукваць — прыстукнуць.
прысту́кваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прыстукнуць.
прысту́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. што, чым і па чым. Злёгку, нямоцна стукнуць. Дзед Ларка прыстукнуў малатком цвічок, прыцмокнуў языком. Пянкрат. — Вось і вы сваю цаглінку паклалі ў будынак школы, — сказаў муляр ды прыстукнуў кельмай зверху, раўняючы рад. Юрэвіч. — І, ведайце, усё на сваім пастаўлю, — прыстукнуў .. [Хлор] па стале кулаком. Гартны. Пшэбора спрытна павярнуўся, Як першы ў свеце кавалер, Прыстукнуў ботам ды прыгнуўся, Аж бліснуў срэбраны каўнер. Колас.
2. каго. Разм. Забіць, прыбіць. Рабіў Макар усё на злосць старшыні, лаяў яго спачатку за вочы, а пасмялеўшы, і ў вочы. Выпіўшы, пагражаў прыстукнуць у цёмным закутку. Асіпенка.
пры́ступ, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыступаць — прыступіць.
2. Момант абвастрэння, узмацнення якой‑н. хваробы, хваравітая з’явы. Прыступ апендыцыту. Сардэчны прыступ. □ Пачнуцца прыступы радыкуліту, і ўжо зусім няможна будзе паехаць у камандзіроўку. Асіпенка. Праз тыдні тры ў Андрэя пачаліся прыступы малярыі. Дуброўскі. // Рэзкае, вострае праяўленне якога‑н. душэўнага стану, пачуцця. Прыступ гневу. Прыступ рэўнасці. □ Ніколі, ні ў гестапа, ні ў лагеры, ні перад аперацыяй, у .. [Зосі Савіч] не было такіх прыступаў страху, якія здараюцца часамі цяпер. Шамякін. — Мартыне! Родны!.. — усклікнуў Коўбец, і голас яго асекся, перахоплены прыступам рыдання. М. Ткачоў.
3. Атака, штурм. Ісці на прыступ. □ Толькі ўбачыўшы купкі сваіх таварышаў, якія .. рашучым прыступам бралі «варожую крэпасць» — высокі сумёт, хлапчук з крыкам ура пабег да іх. Лынькоў.
•••
Ані прыступу да каго — немагчыма падысці, звярнуцца да каго‑н. [Аленка] добра памятае, як хацела дагнаць.. [Сцёпку], а ён толькі воўкам зірне на яе — і ані прыступу. Колас.
Няма прыступу да каго гл. няма.
прысту́пак, ‑пка, м.
Тое, што і прыступка. Падышоўшы да лесвіцы, бабка хацела падсадзіць Цімку на першы прыступак. Кулакоўскі.
прыступа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да прыступіцца.
прыступа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прыступіць.
прыступі́цца, ‑ступлюся, ‑ступішся, ‑ступіцца; зак.
1. Наблізіцца, падысці да каго‑, чаго‑н. Толькі і дадавала прыгажосці азярцо, што ляжала ў балоце, але да яго нельга было прыступіцца ні з аднаго боку. Чарнышэвіч. Ад станцыі напрасткі да.. [коп сена] было не прыступіцца — гразкае балота. Новікаў. // Падысці, звярнуцца да каго‑н. Ціток загадаў абавязкова Параску прывесці. І калі тая сапраўды прыйшла, ён не ведаў, з якога боку да яе прыступіцца: яна і такая, яна і гэтакая. Лобан. Але старая маці баіцца прыступіцца да Зоські, бо тая пачынае злавацца ды з хаты ўцякае. Бядуля.
2. Узяцца за што‑н.; прыступіць. — А я буду рабіць тое, да чаго падручны і нават сярэдні майстар прыступіцца не адважыцца. Кулакоўскі.
прыступі́ць, ‑ступлю, ‑ступіш, ‑ступіць; зак.
1. што. Наступіўшы на што‑н., прыціснуць, прытрымаць. Бабуля прыступіла валёнкам гаручы квач, толькі копаць пайшла. Брыль.
2. Уст. Блізка падысці, падступіць да каго‑, чаго‑н. Войска прыступіла да самага горада. □ — Праўда? — гуртам прыступілі дзяўчаты да Адася. Калюга.
3. Пачаць што‑н., узяцца за што‑н. У галаве .. [рэдактара] было многа ўсякіх ідэй. Адна такая ідэя — прыступіць да выдання панямонскай газеты. Колас. У іншых месцах прыступілі ўжо да ворыва, сяўбы, а ў гэтай нізіне ўсё яшчэ збіралася вада з далёкіх ваколіц. Маўр. // Пачаць што‑н. рабіць, выконваць. Прыступіць да сваіх абавязкаў. □ Тады пайшоў сам Ксавэр Блецька. Ён смела і нахабна явіўся да Гальваса і адразу прыступіў да справы. Чорны. Пасля перапынку, дзесьці апоўначы, мы прыступілі да наступнай сцэны вяселля. Нядзведскі.