Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прапрэ́гчы, ‑прагу, ‑пражэш, ‑пражэ; ‑пражом, ‑пражаце, ‑прагуць; пр. прапрог, ‑прагла і ‑прагла, ‑прагла і ‑прагло; зак., што.

Тое, што і прапражыць.

прапрэ́ць, ‑прэю, ‑прэеш, ‑прэе; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прэючы, дайсці да гатоўнасці. Боб прапрэў.

2. Пакрыцца потам; прапацець.

прапстры́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Пстрыкаць некаторы час.

прапуска́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. прапускаць — прапусціць.

прапуска́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да прапускаць.

прапуска́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прапусціць.

прапускні́к, ‑а, м.

Тое, што і санпрапускнік.

прапускны́, ‑ая, ‑ое.

Які прызначаецца, служыць для пропуску (у 1 знач.). Прапускны пункт. □ Хвядос спакваля ішоў да саней ад прапускной будкі. М. Ткачоў. // Звязаны з прапусканнем. Прапускная здольнасць сталовай.

прапусці́ць, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак.

1. каго-што. Дазволіць прайсці, даць дарогу каму‑, чаму‑н.; пусціць перад сабою каго‑н. — Хадзем у хату, чаго ж мы стаім сярод двара, — сказаў нарэшце Васіль Кузьміч і прапусціў на ганак мужчын. Пальчэўскі. Васіль устаў з-за стала, матка адразу адсунулася, прапусціла. Мележ. // Дазволіць каму‑н. увайсці ці ўехаць, прайсці ці праехаць на тэрыторыю, якая ахоўваецца. Салдат прапусціў мужыка за браму. Якімовіч. Васіль паказаў яму камандзіроўку райкома камсамола, і чалавек прапусціў яго без слова. Кулакоўскі. // Дазволіць друкаваць, ставіць на сцэне. Рукапісны варыянт цэнзура ўсё роўна не магла прапусціць. Бугаёў. [Юскавец:] — Адразу відаць — мала пішаце.., чытаеце, а калі і чытаеце, то не ўслухоўваецеся, не ўчытваецеся ў фразу. Яна для вас не гучыць, як музыка. Інакш вы не прапусцілі б такіх няўклюдных выразаў... Дамашэвіч. // Даць забіць (мяч, шайбу), не здолеўшы затрымаць. Прапусціць мяч у вароты.

2. што. Даць прайсці, пранікнуць праз што‑н. няшчыльнае. Прапусціць ваду. Прапусціць святло.

3. што. Прасунуць, працягнуць праз што‑н. Ермалай узабраўся на страху пограба і прапусціў канец дроту праз адтуліну. «ЛіМ». Эдзік прыбіў цвікамі кранштэйн да кармы лодкі, праз шківок прапусціў сталёвы тросік, на тросік павесіў павука-раму з напятай сеткай. Гаўрылкін. // Прымусіць прайсці праз што‑н. [Весялоў] ведаў, што немцы прапускаюць у дрот ток высокага напружання. Ці прапусцілі тут? Відаць, прапусцілі. Шашкоў. // Апрацаваць якім‑н. апаратам, прыладай. Прапусціць малако праз сепаратар. Прапусціць мяса праз мясарубку.

4. каго-што. Абслужыць, апрацаваць, даўшы магчымасць прайсці праз што‑н. Сталовая прапусціла за дзень тысячу чалавек. Прапусціць праз станцыю за суткі трыццаць цягнікоў. □ За месяц .. людзі мяняліся, палата прапусціла іх звыш дваццаці. Брыль.

5. каго-што. Прайсці, праехаць міма каго‑, чаго‑н.; прамінуць. Прапусціць два завулкі, а потым завярнуць. // Прайсці, праехаць міма, не заўважыўшы, празяваўшы што‑н. [Хлопчыкі] хадзілі па сенажацях між сажалак, пільна ўглядаючыся, каб не прапусціць новую раслінку. Чарнышэвіч. // Даць прайсці міма; упусціць. Дзеўкі таксама заўважылі Андрэя і прапусцілі трамвай, каб сустрэцца са сваім новым знаёмым. Шахавец. Тут.. [вучні] ўмовіліся з настаўнікам, што паедуць у суботу вечарам, каб часамі не прапусціць цягніка. Колас.

6. што. Зрабіць пропуск, пакінуць пустое месца. Прапусціць радок для прозвішча ў дакуменце. // Выкінуць, не ўспомніць пры чытанні, перапісванні і пад. — Ён [верш] доўгі, я на полі табе раскажу ўвесь, — Грыша спахапіўся, што прапусціў пяць радкоў. Пальчэўскі. Назаўтра маці зноў праверыла сшытак у Іры і ўбачыла, што яна прапусціла не літару, а цэлае слова. Гарбук. // Не з’явіцца на заняткі, пасяджэнне і пад. Павел прапусціў амаль цэлы месяц вучобы. Шахавец. [Юзік:] — За ўвесь год я ніводнага рабочага дня ў калгасе не прапусціў. Чорны. — Ведаеш, я сёння прапушчу шпацыр, — спакойна павярнуўшы да Максіма галаву, адказаў Давід. Машара.

7. што і без дап. Разм. Выпіць (віна, гарэлкі і пад.), з’есці што‑н. І раптам Вірчэўскі, хлопец наогул удалы, але аматар выпіць, унёс прапанову: — Ці не прапусціць бы нам, хлопцы, па маленькай? Хадкевіч.

•••

Прапусціць міма вушэй — не звярнуць увагі на тое, што гавораць.

прапушча́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць прапушчальнага.