вокамгне́нне, ‑я, н.
Вельмі кароткі прамежак часу, імгненне. Праз вокамгненне з гоманам і гулам далечыня ад воч яе схавала... Дубоўка.
вокамгне́нны, ‑ая, ‑ае.
Які адбываецца па працягу вельмі кароткага часу, у адзін момант. Вокамгненная ўспышка. // Імклівы. Вокамгненныя перабежкі.
во́кіс, ‑у, м.
Спец. Сярэдняя ступень акіслення рэчыва (у адрозненне ад закісу — ніжэйшай і перакісу — вышэйшай ступені). Вокіс жалеза, медзі, вугляроду.
во́кісел, ‑слу, м.
Спец. Злучэнне хімічнага элемента з кіслародам. Вокіслы азоту. Солеўтваральныя вокіслы.
во́кісны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які ўзнік у выніку акіслення. Вокіснае жалеза.
во́кладачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да вокладкі. // Прызначаны для вырабу вокладак. Вокладачны кардон.
во́кладка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
Покрыўка кнігі, сшытка і пад. Вокладка з кардону. Каленкоравая вокладка. Кніга без вокладкі.
во́клік, ‑у, м.
Выгук; словы, якімі аклікаюць. Радасны воклік. □ З-пад рэчкі Пагулянкі данесліся няясныя воклікі, і Анежка здагадалася, што там сягоння працуе моладзь. Броўка.
во́кліч, ‑у, м.
1. Слова ці выгук, вымаўленыя з моцным пачуццём, хваляваннем. Чуюцца радасныя воклічы дзяцей, узаемныя прывітанні, абмен навінамі. В. Вольскі. Чуўся грозны вокліч: — Стой! Назад! Лынькоў.
2. Тое, што і воклік. [Алесь] бягом кінуўся да воза, але ў гэты момант пачуў ціхі і трывожны вокліч: — Алесь! Чарнышэвіч.
во́кнішча, ‑а, н.
Разм. Тое, што і акно (у 2 знач.).