Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прапа́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. прапах, ‑ла; зак., чым.

Насыціцца якім‑н. пахам. [Сёмка] так прапах сосам, што яго можна было за паўвярсты носам знюхаць. Колас. Жыў Макарка ў цёмнай, на тры акенцы хаце, якая ўся прапахла дзёгцем і смалою. Хомчанка. Выцвілі пад сонцам яго бровы, Чабарком, Жывіцаю прапах. Бялевіч.

прапаце́лы, ‑ая, ‑ае.

Насычаны потам. Прапацелая кашуля. □ Верабей сядзеў за сталом у той жа прапацелай кубанцы і нешта пісаў. Пестрак.

прапаце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Моцна спацець; выдзеліць многа поту. — Ты дужа не раскрывайся, — сказаў Мар’ян. — Табе трэба як след прапацець. Васілёнак.

2. Стаць вільготным ад поту; насыціцца потам. Шапка прапацела. Кашуля прапацела.

3. перан. Разм. Патраціць некаторы час на цяжкую работу, справу і пад. Прапацець над чарцяжом дацямна.

прапа́шнік, ‑а, м.

Сельскагаспадарчая прылада для апрацоўкі міжраддзяў. Перад ворывам майскіх папараў Мікола Гулёк атрымаў новы прапашнік. Паслядовіч.

прапашны́, ‑ая, ‑ое.

Які сеецца радамі, з шырокімі міжраддзямі для апрацоўкі; абганяльны. Прапашныя культуры.

прапа́шчы, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Такі, якога нельга вярнуць, атрымаць назад, які прапаў. Прапашчыя грошы. □ Магло задажджыцца, а тады лічы ячмень прапашчым. Васілевіч.

2. Безнадзейны, няўдачны. [Сузон:] — Ты то, Тарэнта, будзеш жыць, ты цяпер на ногі ўстанеш, а мая справа прапашчая. Галавач.

3. Ні да чаго не прыгодны, дурны, непапраўны. Аднак жа, калі гаварыць шчыра, Адам Свірыдзёнак не быў ужо такім прапашчым гультаём. Сабаленка. [Стары:] — Прапашчы я чалавек, таварыш... Гарэлка губіць мяне... Зарэцкі.

прапая́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., што.

1. Добра запаяць, апрацаваць паяннем што‑н.

2. і без дап. Заняцца паяннем некаторы час.

прапедэ́ўтыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

Кніжн. Уводны, папярэдні курс ведаў аб чым‑н., які ўяўляе сабой сціслы, элементарны змест гэтых ведаў.

[Грэч. propaideutikē.]

прапедэўты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да прапедэўтыкі. Прапедэўтычны курс.

прапе́лер, ‑а, м.

Паветраны вінт, які прыводзіць у рух самалёт, аэрасані, глісер і пад.

[Ад лац. propellere — гнаць, пхаць уперад.]