Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прысма́кі, ‑аў; адз. прысмак, ‑а, м.

1. Ласункі, салодкае. Старая служанка прынесла віно і драўляную талерку з сушаным інжырам і рознымі яшчэ прысмакамі. Самуйлёнак. У мяне няма прысмакаў, Ані мёду, ані маку, Ні цукерак, ні пячэння, Ні пірожных, ні варэння... Муравейка. // Смачныя, асабліва прыгатаваныя стравы. Круглы стол быў рассунуты на ўсю хату: на ім стаялі розныя прысмакі, а Іра, як гаспадыня, усё насіла і насіла. Сабаленка. — А ці есць цар прэжаны гарох? — пытаўся Міколка пра свой найлепшы прысмак. Лынькоў.

2. Разм. Прыправа. Далей да цукровага цеста, як сказалі б хатнія гаспадыні, трэба дабавіць розныя прысмакі. Рунец. Не даварыўшы, панюхаў і выліў цудоўную страву з усімі прысмакамі пад лазовы куст. Лынькоў.

прысмакта́цца, ‑смакчуся, ‑смокчашся, ‑смокчацца; зак.

Смокчучы, упіцца ў што‑н., моцна прыстаць да чаго‑н. П’яўка прысмакталася. Дзіця прысмакталася да грудзей. // перан. Разм. Прыстаць да чаго‑н., захапіцца чым‑н. Прыходзіцца па некалькі разоў перачытваць тое самае, нават і сумнаватае. Не дзіва, што прысмокчашся да Гогаля!.. Брыль. // перан. Разм. Прыдадзіцца да каго‑, чаго‑н. дзеля ўласнай выгады. — Вы, часам, не з тых недабітых афіцэраў Балаховіча, што рашылі да пары да часу прысмактацца да Савецкай улады? Лобан.

прысмакта́ць, ‑смакчу, ‑смокчаш, ‑смокча; зак., што.

Прыцягнуць, прыціснуць да сябе. [Ліда] упала на чорны, змяшаны з вугалем пясок. Паспрабавала падняцца, але плечы яе нібы што прысмактала. Федасеенка. // перан. Разм. Захапіць сабой.

прысма́лены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прысмаліць ​1 (у 1 знач.).

прысмалі́цца, ‑смалюся, ‑смалішся, ‑смаліцца; зак.

Злёгку падпаліцца, прыпаліцца. Бровы прысмаліліся.

прысмалі́ць 1, ‑смалю, ‑смаліш, ‑смаліць; зак.

1. каго-што. Злёгку падпаліць; прыпаліў. [Злобіч:] — Косы, косы не раскідай, Надзя! Ці хочаш, каб я прысмаліў іх? М. Ткачоў.

2. Разм. Прыпаліць, прыкурыць. [Федзя], прысеўшы, паспешліва закурвае. Я таксама прашу прысмаліць. Місько.

3. Моцна прыгрэць, прыпячы. А пасля Пятра прысмаліла спёка, і на загонах вузкіх, як шнуры, сялянскіх палосак усё села макам. Сабаленка.

прысмалі́ць 2, ‑смалю, ‑смоліш, ‑смоліць; зак.

1. што. Злёгку, няпоўнасцю пасмаліць, прасмаліць. Прысмаліць човен.

2. каго-што. Прымацаваць смалою. Таго, што кахаў яе найбольш за другіх, прысмалілі валасамі да сасны... Асіпенка. // перан. Прыцягнуць, прывабіць. [Маці:] — І прашу, бярыся, прашу, за розум. Ну, скажы ты мне, чым гэты Васіль, галган стары, цябе прысмаліў? Савіцкі.

прысма́льванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. прысмальваць ​1 — прысмаліць ​1 і прысмальвацца — прысмаліцца.

прысма́львацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прысмаліцца.

2. Зал. да прысмальваць.

прысма́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прысмаліць ​1.

прысмірне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Тое, што і прысмірэць. — Эх, і загарэлася я, Арына, — як сказала некалькі добрых слоў, дык .. [танкіст] адразу прысмірнеў. Мележ.