прысма́кі, ‑аў; адз. прысмак, ‑а, м.

1. Ласункі, салодкае. Старая служанка прынесла віно і драўляную талерку з сушаным інжырам і рознымі яшчэ прысмакамі. Самуйлёнак. У мяне няма прысмакаў, Ані мёду, ані маку, Ні цукерак, ні пячэння, Ні пірожных, ні варэння... Муравейка. // Смачныя, асабліва прыгатаваныя стравы. Круглы стол быў рассунуты на ўсю хату: на ім стаялі розныя прысмакі, а Іра, як гаспадыня, усё насіла і насіла. Сабаленка. — А ці есць цар прэжаны гарох? — пытаўся Міколка пра свой найлепшы прысмак. Лынькоў.

2. Разм. Прыправа. Далей да цукровага цеста, як сказалі б хатнія гаспадыні, трэба дабавіць розныя прысмакі. Рунец. Не даварыўшы, панюхаў і выліў цудоўную страву з усімі прысмакамі пад лазовы куст. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)