шы́фер, ‑у, м.
1. Чорны або шэры гліністы сланец. Здабыванне шыферу.
2. Будаўнічы матэрыял у выглядзе плітак або лістоў з такога сланцу, які ўжываецца для пакрыцця даху. Будуць узводзіць другі паверх [будынка], затым ставіць кроквы, каб заўтра шыферам накрыць. Гроднеў. На страсе цесля Лявон клаў апошнія аркушы шыферу. Дубоўка.
[Ням. Schiefer.]
шы́ферны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да шыферу (у 1 знач.); складаецца з шыферу. Шыферныя распрацоўкі. // Які зроблены з шыферу. Шыферны дах.
2. Які вырабляе шыфер (у 2 знач.). [Івана Кузьміча] цягнула дамоў, на родны цэментна-шыферны камбінат, да любімых гігантаў — вярчальных печаў. М. Ткачоў. // Пакрыты шыферам. Чародка хат пад шыфернымі стрэхамі на ўзгорку хутка схавалася за бярозавым узлессем. Савіцкі.
шыфо́н, ‑у, м.
Тонкая баваўняная або шаўковая тканіна.
[Ад фр. chiffon — ануча.]
шыфо́навы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да шыфону; пашыты, зроблены з шыфону. У белай шыфонавай кофтачцы і яркай, знарок пашытай для дачы, паркалёвай сіняй спадніцы .. [Вера] здавалася зграбнай, маладой. Карпаў.
шыфр, ‑у, м.
1. Сістэма ўмоўных знакаў для тайнага пісьма, якое чытаецца з дапамогай ключа. Кастусь быў старшым радыстам: усе сакрэтныя шыфры знаходзіліся ў яго. Ваданосаў. Урэшце прыйшоў [вучоны] на навуковы сход і з гордасцю сказаў: — Я знайшоў ключ да шыфру! Я дабіўся свайго — прачытаў тайнапіс! Дубоўка. // Умоўнае абазначэнне або замена слоў і пад. чым‑н. Думалі, што.. [Луцкевіч] не ведае шыфру перастуквання. Машара.
2. Умоўны знак або знакі на кнігах, рукапісах. падшыўках і пад., якія прымяняюцца пры іх захаванні ў бібліятэцы, архіве і ўказваюць дакладнае месцазнаходжанне. // Умоўнае абазначэнне якога‑н. сакрэтнага дакумента, сакрэтнай работы. Шыфр наверсе стаяў адзін, а работа была розная — для розных цэхаў і гаспадарак. Скрыган.
[Фр. chiffre.]
шыфрава́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да шыфравання, шыфроўкі. Пасля сваёй прыгоды Віктар напаткаў знаёмага малодшага лейтэнанта з аддзела шыфравальнай службы і пайшоў побач з ім. Навуменка.
шыфрава́льшчык, ‑а, м.
Спецыяліст па шыфраванню ці расшыфроўцы.
шыфрава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. шыфраваць.
шыфрава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад шыфраваць.
2. у знач. прым. Напісаны ці перададзены шыфрам (у 1 знач.). На дне .. [Валінага] кошыка, у патайных сховах, ляжала шыфраваная запіска або нават рэвальвер ці тол. Якімовіч. Адначасова Рая прыняла шыфраваную радыёграму з Вялікай зямлі аб пачатку наступлення знятых з фронту буйных армейскіх часцей на партызанскі край. Хадкевіч.
шыфрава́цца, ‑руецца; незак.
Зал. да шыфраваць.