узбу́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да узбурыць.
узбуры́цца, ‑буруся, ‑бурышся, ‑бурыцца; зак.
1. Выйсці са стану спакою; узбударажыцца; узбунтавацца. [Лявон:] — Пайду ў млын. [Жонка:] — Чаго .. ўзбурыўся? Сёння ж мо зноў на бульбу? — Зноў ці не зноў, — зазлаваў Лявон. — Распалю кацёл, дам гудок — мужчыны падыдуць. З бульбай і без нас управяцца. Кудравец.
2. Разгневацца, раззлавацца. [Бабка Наста:] — І ведаеце, панічок: часта бедная пані па хатах хавалася, калі ўзбурыцца пан. Колас.
3. Паўстаць, узбунтавацца супраць каго‑, чаго‑н.
4. Нечакана разбушавацца, узбушавацца. Завіхурыла адразу пасля каляд. За які дзень куды дзелася шэрань, пасля зацішша ўзбурыўся вецер ды пагнаў па вуліцы гуллівыя снежныя круцялі. М. Стральцоў.
узбуры́ць, ‑буру, ‑бурыш, ‑бурыць; зак., каго-што.
1. Вывесці са стану спакою, устрывожыць, узбударажыць; узбунтаваць. Крыкі вартавых узбурылі ўсю вёску. □ Гэтыя клопаты аб сабе канчаткова ўзбурылі Лёдзю. Карпаў.
2. Прывесці ў стан абурэння, разгневаць, раззлаваць. Аднак старасту гэтая незалежнасць [паліцэйскага] адно ўзбурыла. Чыгрынаў.
узбурэ́нне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне і стан паводле дзеясл. узбурыць (у 1 знач.). Было ціха, і на сэрцы памалу ўлягалася выкліканае сходам узбурэнне. Мурашка.
узбушава́цца, ‑шуюся, ‑шуешся, ‑шуецца; зак.
Пачаць бушаваць (пра вецер, мора і пад.). Мора ўзбушавалася. // перан. Раскрычацца, пачаць буяніць. Пад вечар узбушаваўся стары.
узбяга́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. узбягаць — узбегчы.
узбяга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да узбегчы.
узбярэ́жжа, ‑а, н.
Паласа зямлі ўздоўж берага (ракі, возера, мора). Пажухлыя, аслабелыя травы па ўзбярэжжы заліваліся вадою папаўнелых рэк. Шахавец. // Разм. Край, абочына. Усю зіму праплакала Ганка,.. а на вясну, як зацвілі на ажыўшай зямлі краскі і зашумеў на ўзбярэжжы балотаў буйны чарот, знікла і Ганка. Машара. — Як жа быць? — узнікла тады ў дзяўчыны трывожнае пытанне. Пайсці ўзбярэжжам лугу, што сутыкаўся з полем, азначала быць заўважанай. Кавалёў.
узбярэ́жная, ‑ай, ж.
Тое, што і набярэжная. Зараз стаю на ўзбярэжнай каля папрабіванага асколкамі конніка. Лужанін.
узбярэ́жны, ‑ая, ‑ае.
Які размешчаны на беразе, пры беразе. Узбярэжны пясок. □ [Самалёты] кружыліся над ракой, над узбярэжнымі лугамі. Лынькоў. Доўга прадзіраліся дзеці праз узбярэжны хмызняк, правальваліся ў балотцы. Скрыпка.