Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зрэ́заць, зрэжу, зрэжаш, зрэжа; зак., каго-што.

1. Аддзяліць якім‑н. рэжучым інструментам. Зрэзаць кветкі з клумбы. Зрэзаць мазоль. □ Шура зрэзаў дзве арэшыны, аздабляе палкі ўзорамі. Навуменка. // Спілаваць. Зрэзаць сасну. // Збіць, сарваць, аддзяліць (ударам, стрэлам, выбухам і пад.). Адна міна, выбухнуўшы паблізу акопчыка, як касой, зрэзала палову алешыны. Мележ. Ноччу раптам сарваліся з прычала плыты, як брытвай, зрэзалі адзіны праз раку пантонны мост. Асіпенка. // Зняць няроўнасць або частку якой‑н. паверхні, зрабіць выемку ці скос на чым‑н. У гэтых курганах мы і зрабілі цір, ці, як называе яго Сяргей, палігон. Зрэзалі рыдлёўкамі схіл аднаго кургана, паставілі дошкі, абгарадзілі пляцоўку чырвонымі сцяжкамі. Жычка. // перан. Разм. Скараціць ці паменшыць памеры чаго‑н. Зрэзаць ліміты. □ На лаўках у куце лаяліся, відаць, рабочыя леспрамгасцы ў замасленых.. і старых фуфайках, — некаму недзе зрэзалі прагрэсіўку. Пташнікаў.

2. Пакрыць паглыбленнямі, палоскамі; спаласаваць. Канавы зрэзалі ўсё поле. □ Там, дзе гай бярозавы З песняй салаўінаю, Хтосьці ўсю дарожаньку Зрэзаў каляінамі. Дзеружынскі.

3. Парэзаць усё, многае для якой‑н. мэты. Зрэзаць салому на корм жывёле.

4. перан. Забіць стрэлам. — Падпусціў я іх як мага бліжэй, — лясь! — і няма аднаго. Другі назад кінуўся, але не дабег да траншэі, яго сержант Леўкін зрэзаў. Корбан.

5. Моцна збіць, адсцябаць. — То глядзі ж, — паўтарыў .. [бацька] яшчэ раз, — каб ні гуку, бо зрэжу да смерці... Дайліда.

6. Разм. Паставіць нездавальняючую адзнаку. Юзіку таксама хацеў [бацька] даць.. прафесію, але таго «зрэзалі» на выпускных экзаменах. Пальчэўскі.

7. Падаць мяч рэзаным ударам. Зрэзаць падачу.

•••

Зрэзаць круг (паваротку) — пайсці напрасткі, каб скараціць шлях. Чалавек другі раз ідзе па той самай дарозе. Ён зрэжа павароткі, дзе што пераступіць, а дзе што абыдзе. Ермаловіч.

Зрэзаць на горкі яблык — тое, што і збіць на горкі яблык (гл. збіць).

зрэ́звацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм.

1. Незак. да зрэзацца.

2. Зал. да зрэзваць.

зрэ́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да зрэзаць.

зрэ́зка, ‑і, ДМ ‑зцы, ж.

Дзеянне паводле дзеясл. зразаць — зрэзаць (у 1 знач.).

зрэ́зчык, ‑а, м.

Той, хто займаецца зрэзкай, зразаннем чаго‑н. Зрэзчык тытуню.

зрэ́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Адтуліна ў радужнай абалонцы, праз якую пранікае святло ўнутр вока. У цёмных павялічаных зрэнках свяцілася жудасць. Бядуля. Вочы яго з зелянінкай у зрэнках цяпер, пры няроўным святле лучыны, здаваліся суровымі і калючымі. М. Ткачоў.

•••

Берагчы як зранку вока гл. берагчы.

зрэ́нкавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да зрэнкі. Зрэнкавы нерв.

зрэ́шты,

1. супраціўны злучнік. Злучае сказ (ці яго частку), які абмяжоўвае выказаную думку, сцвярджэнне; адпавядае па значэнню словам: «аднак», «усё ж». У творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча ёсць матывы, якія нагадваюць пропаведзь хрысціянскай пакорлівасці, цярпення, але зрэшты і ў гэтага пісьменніка праўда жыцця бярэ верх. Навуменка.

2. у знач. пабочн. Паказвае на раптоўную перамену гаворкі, на нерашучасць, хістанне пры выказванні. Аднак дарэмна паўстанцы Літвы (як, зрэшты, і царскія ўлады) чакалі прыбыцця судна. Г. Кісялёў.