до́следніцтва, ‑а, н.
Работа па правядзенні доследаў, звязаных з вырошчваннем якіх‑н. сельскагаспадарчых культур, вывядзеннем новых сартоў і пад. Займацца доследніцтвам.
до́следны, ‑ая, ‑ае.
1. Прызначаны для правядзення доследаў. Доследная сельскагаспадарчая станцыя. Доследнае поле. □ Усе дваццаць гектараў школьнай зямлі былі разбіты на маленькія доследныя ўчасткі. Пальчэўскі. // Зроблены з доследнымі мэтамі. Доследны узор машыны. Доследная партыя самазвалаў. Доследныя расліны.
2. Заснаваны на доследах, эксперыментах. Вывучэнне доследным шляхам.
до́ступ, ‑у, м.
1. Месца, па якім можна падысці, наблізіцца да чаго‑н.; падыход. [Серада] узяўся правесці іх туды, дзе ёсць.. надзейная схованка. Доступ туды ведае толькі ён адзін. Брыль. Да дома Сяргея Андрэевіча доступ быў закрыты агнём. Кавалёў.
2. Магчымасць уваходу куды‑н., наведвання каго‑, чаго‑н.; допуск. Доступ наведвальнікаў у музей. □ Часта добра падроблены дакумент забяспечваў падпольшчыкам доступ да важных ваенных аб’ектаў ворага. Пятніцкі. // Магчымасць карыстацца чым‑н., займацца чым‑н. У нас кожнаму адкрыты доступ да навукі.
3. Пранікненне чаго‑н. куды‑н. Доступ свежага паветра ў памяшканне.
•••
Няма доступу да каго гл. няма.
до́сыць, прысл.
1. Столькі, колькі патрэбна; дастаткова, даволі. Чаго жадаць яшчэ? Чаго хацець? Ёсць хлеба досыць. З. Астапенка. [Віктар] мае досыць цвёрдасці, каб выканаць самому ўскладзены на яго партыяй абавязак. Зарэцкі. / безас. у знач. вык. У нас усяго досыць. // безас. у знач. вык. Выражае загад, патрабаванне спыніць што‑н. Трэба растапіць абавязкова Мёртвы лёд халоднае вайны. Хай грыміць над светам наша слова: — Досыць трэсці бомбамі, паны! Смагаровіч. — Хлопцы, досыць спаць! Нікановіч.
2. (у спалучэнні з прым. або прысл.). Значна, у значнай ступені, даволі. Вёска была досыць вялікая, цягнулася ў адну лінію. Колас. Пасля жахлівага выбуху толавага зараду Антон Сафронавіч трохі недачуваў і з гэтай прычыны гаварыў досыць гучна. Паслядовіч.
дот, ‑а, М доце, м.
Збудаванне з каменю і жалезабетону для вядзення агню і ўкрыцця ад куль і асколкаў. Амбразуры дотаў, вокны ўмацаваных будынкаў выкідвалі шквал агню і металу. «Звязда». — Доты ставяць усюды, амбразуры ў дотах вырэзваюць, спадзяюцца, значыць, біцца за кожны дом. Мележ.
до́тык, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. датыкацца — даткнуцца (у 1 знач.). Марына, як заўсёды, прагледзела .. [ведамасці], малюсенькім дотыкам рукі паправіла валасы, хоць яны ляжалі вельмі акуратна. Скрыган. Побач былі слаўныя хлопцы, .. [Андрэй] як быццам адчуваў дотык іх сяброўскіх плячэй. Шахавец.
2. Адно з пяці знешніх пачуццяў — успрыманне адчуванняў, якія ўзнікаюць пры дакрананні да чаго‑н. Непасрэдны дотык. Апасродкаваны дотык.
до́ўбня, ‑і і даўбня́, ‑і, ж.
1. Вялікая палка з патаўшчэннем на канцы (для ўбівання чаго‑н., забою жывёлы і пад.). Машэка доўбняй замахнуцца яшчэ на некага спяшыць... Купала. Яшчэ парася ў чэраве, а доўбня ўжо гатова. З нар.
2. перан. Пагард. Пра няцямкага, дурнога чалавека.
доўг, ‑у, М доўгу і даўгу, м.
1. Тое, што і абавязак. Грамадзянскі доўг. □ Верныя даўгу свайму, Сябры, ідучы на заданне, Здубелыя рукі яму [кастру] Працягвалі на развітанне. Кляўко. — Перадай, Як нашыя спытаюць, Скажы ім — доўг байца Я выканаў, хай знаюць, Як трэба, да канца. Куляшоў.
2. мн. даўгі, ‑оў. Тое, што ўзята ў пазыку, пазычана (пераважна грошы). Вярнуць доўг. Вялікі доўг. Разлічыцца з даўгамі.
3. мн. даўгі, ‑оў. Запазычанасць па абавязковых плацяжах. Даўгі па падатку.
•••
Аддаць свой (апошні) доўг гл. аддаць.
Залезці (улезці) у даўгі (у доўг) гл. залезці.
Не вылазіць з даўгоў гл. вылазіць.
Не застацца ў даўгу гл. застацца.
У даўгах па вушы — мець многа даўгоў.
У даўгу перад кім — быць абавязаным каму‑н.
У доўг — з умовай звароту.