Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

праня́ньчыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак., з кім-чым.

Няньчыцца некаторы час. Праняньчыцца з дзецьмі цэлы дзень.

праня́ньчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго.

Няньчыць некаторы час. Праняньчыць дзіця ўвесь вечар.

праня́цца, праймуся, проймешся, проймецца; пр. праняўся, ‑нялася, ‑лося; заг. прайміся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць насычаным чым‑н. А макаў сок такі салодкі! Ламанцы ў ім, ну як калодкі — Так добра макам праняліся. Колас.

2. Глыбока пранікнуцца якім‑н. пачуццём. Праняцца павагай да старэйшых. □ А Месяц як зірнуў на зоркі, увесь праняўся жалем горкім. Дубоўка.

праня́ць, прайму, праймеш, пройме; пр. праняў, ‑няла, ‑няло; заг. праймі; зак.

1. каго-што. Прабраць, пранізаць (пра мароз, холад, вецер і пад.). Пракосы ляжалі як горы, і іх трэба было варочаць некалькі разоў на дзень, каб сонца і вецер пранялі іх наскрозь. Паслядовіч. Праходзячы ля хаты Галаўнёва, [Горбікаў] раптам адчуў, што ледзяныя дрыготкі пранялі і без таго халоднае яго цела. Дудо. А я ляжу ўвесь мокры, і такі мяне холад праняў, што я ўскочыў на ногі ды даў такога драла, што і ваўкі, напэўна б, не дагналі. Каваль.

2. каго. Глыбока, моцна падзейнічаць, зрабіць вялікае ўражанне на каго‑н. І так .. [Мешчаракоў] праняў нечым на сходзе людзей, што прывялі яны потым не толькі коней, узятых у іх раней, а і тых, што хавалі да гэтага ў лесе. Мехаў. / у безас. ужыв. — Нічога, Арынка, дармо... Так, выпіў трошкі лішняга, яно і праняло да слёз... Хадкевіч.

3. безас. каго. Разм. Пранесці (аб паносе).

прапаве́даванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. прапаведаваць.

прапаве́даваць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; незак., што.

1. Распаўсюджваць якое‑н. веравучэнне, растлумачваючы яго слухачам. Прапаведаваць хрысціянства. // без дап. Гаварыць пропаведзь.

2. перан. Распаўсюджваць якія‑н. погляды, думкі, якое‑н. вучэнне. — Вы ведаеце, што раблю я цішком? — ціха пытае Лабановіч.. — Крамольныя ідэі прапаведую. Колас.

прапаве́днік, ‑а, м.

1. Распаўсюджвальнік якога‑н. веравучэння. Сектанцкія прапаведнікі. // Той, хто гаворыць пропаведзь (у 2 знач.).

2. перан.; чаго. Асоба, якая распаўсюджвае, прапагандуе якія‑н. погляды, ідэі і пад. [Нявідны] ведае, хто з’яўляецца прапаведнікам гэтай гарманічнасці жыцця не толькі ў прыродзе, але і ў людскім грамадстве, каму і для чаго патрэбна яна. Колас.

прапаве́дніца, ‑ы, ж.

Жан. да прапаведнік.

прапаве́дніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да прапаведніка. Прапаведніцкая дзейнасць.

прапаве́дніцтва, ‑а, н.

Кніжн. Дзейнасць прапаведніка.