праніза́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад пранізаць.
праніза́ць, ‑ніжу, ‑ніжаш, ‑ніжа; зак.
1. каго-што. Пракалоць, праткнуць наскрозь чым‑н. вострым. Немец не паспеў крыкнуць, як вострае джала нямецкага штыка наскрозь пранізала яго. Кавалёў. Іголка так і пранізала наскрозь палец. Васілевіч.
2. перан.; каго-што. Праткнуць, прайсці праз што‑н. Сонечнае святло пранізала тоўшчу вады аж да самага дна. Хомчанка. Сонца толькі што ўзышло і пранізала праменямі голыя кроны дрэў. Дуброўскі. Агонь выцягнуўся доўгім языком, лізнуў ім высокую купу ельніку, пранізаў яе навылёт. Васілевіч.
3. перан.; каго-што. Пранікнуўшы ўнутр каго‑, чаго‑н., выклікаць якія‑н. фізічныя адчуванні (пра холад, вецер, боль і пад.). Сцюжа пранізала .. [Рахмільку] да самых касцей. Бядуля. [Хлопец] падняўся і паспрабаваў узняць руку, але востры боль пранізаў усё яго цела. Шчарбатаў. // Рэзка, моцна падзейнічаць. Усю .. [Любу] пранізала нейкая здранцвеласць, ногі не слухаліся яе. Краўчанка. Ганна раптам засмяялася. Смех гэты пранізаў сэрца. Мележ.
4. што. Нізаць некаторы час (гл. нізаць у 1 знач.). Пранізаць каралі ўвесь дзень.
•••
Пранізаць вачамі — пільна, уважліва паглядзець на каго‑н.
прані́звацца, ‑аецца; незак.
Зал. да пранізваць.
прані́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да пранізаць.
прані́злівасць, ‑і, ж.
Уласцівасць пранізлівага. Пранізлівасць ветру. Пранізлівасць позірку.
прані́злівы, ‑ая, ‑ае.
1. Які рэзка гучыць, рэжа слых. Крык быў поўны такога адчаю і быў такі пранізлівы, што ўсе, хто сядзеў поплеч, мімаволі ўвабралі галовы ў плечы. Лынькоў. Раптам цішыню парушыў пранізлівы званок з пярэдняга пакоя. Рамановіч.
2. Вельмі моцны, рэзкі, які наскрозь пранізвае (пра холад, вецер, боль і пад.). Дзьмуў халодны, пранізлівы вецер. Асіпенка. Цемра пагусцела, і халадок з ракі стаў пранізлівы. Хадкевіч.
3. Востры, пільны (зрок, погляд і пад.). Саўку было нават трохі няёмка пад такім пранізлівым позіркам Цімохавых вачэй. Колас.
пра́нік, ‑а, м.
Плоскі драўляны брусок з ручкай для выбівання бялізны пры мыцці ці для абівання, абмалоту лёну і пад. Б’е пранікам Раіна палатно. Танк. Сотнямі гукаў разносіцца над ракою плясканне пранікаў. Колас. [Жанчына:] — Хоць возік жыта прывезці — абаб’ю як-небудзь, хоць пранікам. Чорны.
праніка́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць пранікальнага. Пранікальнасць глебы. Пранікальнасць паветра.
праніка́льны, ‑ая, ‑ае.
Які прапускае праз сябе што‑н. (ваду, святло і пад.). Пранікальныя пароды. Пранікальны для электрычнага току.
праніка́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. пранікаць — пранікнуць.