праніза́ць, ‑ніжу, ‑ніжаш, ‑ніжа; зак.
1. каго-што. Пракалоць, праткнуць наскрозь чым‑н. вострым. Немец не паспеў крыкнуць, як вострае джала нямецкага штыка наскрозь пранізала яго. Кавалёў. Іголка так і пранізала наскрозь палец. Васілевіч.
2. перан.; каго-што. Праткнуць, прайсці праз што‑н. Сонечнае святло пранізала тоўшчу вады аж да самага дна. Хомчанка. Сонца толькі што ўзышло і пранізала праменямі голыя кроны дрэў. Дуброўскі. Агонь выцягнуўся доўгім языком, лізнуў ім высокую купу ельніку, пранізаў яе навылёт. Васілевіч.
3. перан.; каго-што. Пранікнуўшы ўнутр каго‑, чаго‑н., выклікаць якія‑н. фізічныя адчуванні (пра холад, вецер, боль і пад.). Сцюжа пранізала .. [Рахмільку] да самых касцей. Бядуля. [Хлопец] падняўся і паспрабаваў узняць руку, але востры боль пранізаў усё яго цела. Шчарбатаў. // Рэзка, моцна падзейнічаць. Усю .. [Любу] пранізала нейкая здранцвеласць, ногі не слухаліся яе. Краўчанка. Ганна раптам засмяялася. Смех гэты пранізаў сэрца. Мележ.
4. што. Нізаць некаторы час (гл. нізаць у 1 знач.). Пранізаць каралі ўвесь дзень.
•••
Пранізаць вачамі — пільна, уважліва паглядзець на каго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)