шырыня́, ‑і, ж.
1. Працягласць чаго‑н. у папярочніку. Без канца вялікі двор — Не акінуць яго вокам, Шырыня, разгон, прастор! Колас. Цяпер пад трактар плуг бы столямешны, Каб гнаць барозны шырынёю ў гоні. Аўрамчык. // Разм. Вялікі абшар, шыр. Завяду кола-круг, — Шырыня ды прастор, Ды паклічу падруг, Прыгажуняў сясцёр. Астрэйка.
2. Разм. Тое, што і шырата. Нью-Йорк, як вядома, знаходзіцца на шырыні Тбілісі. Новікаў.
3. перан. Уласцівасць шырокага (у 5, 6 знач.); рознабаковая дасведчанасць. План аперацыі захапіў камісара сваёй шырынёй і смеласцю. Мележ. Прыродная шырыня душы падказала Міхалу: адбылося незвычайнае. Лужанін.
шы́рыцца, ‑рыцца; незак.
1. Станавіцца больш шырокім, павялічвацца ў шырыню; пашырацца. Днела — шырылася светлая паласа на ўсходзе. Шамякін. З-пад лемяхоў адваліліся скібы тлустай зямлі. Наперад і наперад ішоў трактар, і ўсё шырылася і шырылася ўзараная паласа. Даніленка. / Пра пачуцці, думкі і пад. — Вось хаджу я па зямлі, жыву, — і ад гэтага радасць. Яна шырыцца, яна ва ўсім, што ёсць, яна напоўніць усё. Чорны. // Разыходзіцца, раздавацца ўшырыню (пра дым, пару, полымя і пад.). Агонь рос, шырыўся. Полымя хапатліва лізала сцены, столь. М. Ткачоў. Клубчасты, кучаравы хвост дыму ўсё падаўжаўся, шырыўся і, здавалася, нерухома застываў у марозным паветры. Колас. // Далёка разносіцца, разыходзіцца; нарастаць (пра гукі, песню, гамонку і пад.). А гоман шырыўся і мацнеў. Крапіва. Падхоплены дзесяткамі галасоў, крык шырыўся. Лынькоў. А песня над садам расла, шырылася, сілу набірала. Кірэйчык. // Шырока распасцірацца, цягнуцца на вялікую адлегласць. На ўскраінах шырацца і высяцца аграмадзіны-муры. Бядуля.
2. перан. Павялічвацца, расці ў колькасці, аб’ёме і пад. Нашы сілы растуць, шырацца, Над Дзвіной стаім, над Прыпяццю На варце. Танк. Праміналі дні і ночы, Працы шырыўся разгон. Астрэйка. / Пра весткі, чуткі і пад. А пагалоска не сціхала, а наадварот — шырылася, бо неўзабаве зноў дайшла да Васіліны. Хадкевіч. // Станавіцца больш масавым. Дэманстрацыя шырылася і расла. Чорны. [Партызанскі рух] усё шырыўся і шырыўся. Шамякін. На нашай будоўлі з кожным днём шырыцца рух за камуністычную працу. «Звязда».
шы́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак., што.
1. Рабіць больш шырокім па тэрыторыі, расшыраць. Некалькі дзён запар непадалёк ад кузні ўсё кланяўся экскаватар — выкідваў балотную твань, шырыў азярцо для птушак. Даніленка. // Павялічваць у аб’ёме. Халоднае паветра было такое салодкае, што ледзь не да разрыву шырыла магутныя грудзі бацькі. Караткевіч.
2. перан. Ахопліваць вялікую колькасць людзей, рабіць масавым. [Букрэй:] — А ваш, таварышы, абавязак — шырыць, развіваць паўстанне. Колас.
шырэ́йшы, ‑ая, ‑ае.
Выш. ст. да прым. шырокі.
шырэ́ць, ‑эе; незак.
Станавіцца больш шырокім па тэрыторыі. За вёскай.. [возера] яшчэ больш шырэе, разыходзіцца на два рукавы, потым зноў зліваецца. Ваданосаў. // Шырока прасцірацца. Ад воклічаў зямля калышацца, Шырэе даль, святлее шыр. Астрэйка. Гляджу і гляджу, як шырэюць прасторы, Направа, налева граніцы няма... Тарас. // перан. Расці колькасна, духоўна. Шырэюць бальшавіцкія рады. Глебка.
шытво́, ‑а, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. шыць (у 1, 3 знач.).
2. Тое, што шыюць ці сшытае. Да Платона падышла яго Марыя з нейкім шытвом у руках і села побач на прызбе. Пестрак. На стале, што быў паміж вокнаў, ляжала новае шытво: зажыўленая простай ніткай ватоўка і яшчэ нейкая адзежына. Чыгрынаў.
шы́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад шыць.
2. у знач. прым. Зроблены, выраблены шыццём; сшыты. Ты вострым плугам Рэзаў дзірваны. Насіў з дзяругі Шытыя штаны. Куляшоў. З гэтай простай прапановай нельга было не згадзіцца, асабліва калі прыняць пад увагу лёгкасць шытых чоўнаў. Маўр.
•••
Не лыкам шыты — пра чалавека, не пазбаўленага здольнасцей, ведаў, умення трымаць сябе і пад.
Шыта белымі ніткамі — няўмела, няўдала, дрэнна скрыта, схавана што‑н.
Шыта-крыта — скрытна, патаемна ад іншых, у поўнай тайне (застаецца, робіцца і пад.).
шыўны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які служыць для сшывання, змацавання чаго‑н. Шыўныя ніткі.
2. Які мае выгляд шва. Шыўная зварка.
шыфанье́р, ‑а, м.
Шафа для бялізны, адзення. Кватэру нам добрую далі, і абсталяваліся мы неяк адразу. Купілі ложак, тахту добрую, шыфаньер. Сапрыка.
[Фр. chiffonier.]
шыфанье́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Тое, што і шыфаньер.