Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

утро́іць, утрою, утроіш, утроіць; зак. што.

Павялічыць утрая, патроіць.

утро́йванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. утройваць — утроіць.

утро́йвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да утроіцца.

2. Зал. да утройваць.

утро́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да утроіць.

утро́х, прысл.

У колькасці трох чалавек (толькі пра мужчын або толькі пра жанчын). Лодка кранулася, і мы ўтрох узяліся за спінінінгі. Кавалёў.

утрупяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Абмерці, абамлець ад страху, спалоху. [Ляснік:] — Падняў некалькі грыбоў, адагнуўся і ўтрупянеў: з-за маладой елачкі шусь на паляну мядзведзь, стаў і аблізваецца. Пальчэўскі. [Скуратовіч:] — Гавары праўду, а то зараз падніму, ды так лясну,.. што не ўстанеш. Міхалка ўтрупянеў. Чорны.

утру́ска, ‑і, ДМ утрусцы; Р мн. ‑сак; ж.

1. Змяншэнне вагі сыпучага рэчыва пры перавозе, перасыпанні і пад. / у іран. ужыв. Калі ў кране ёсць нястача, Дык «усушка» там, няйначай, Ці «утруска», ці мо’ «мышы» — Так заўсёды ў актах піша. Крапіва.

2. Колькасць страчанага ў выніку перавозу, перасыпання чаго‑н. сыпучага. Падлік утрускі.

утрыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак. (звычайна з адмоўем «не»).

1. Цярпліва перанесці што‑н.; вытрываць. Варухнула [Матруна] прастрэленаю леваю рукою: баліць, не ўтрываць. Марціновіч.

2. Праявіць вытрымку; выцерпець. Праз дзень Клава не ўтрывала і паспрабавала падняцца з ложка. Мележ. — Ты заўсёды плакала, прыбяднялася,.. — не ўтрываў Мікіта, быццам Лёксіны словы зачапілі і яго. Кудравец.

утрыма́нец, ‑нца, м.

Чалавек, які знаходзіцца на чыім‑н. утрыманні.

утрыма́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Жан. да утрыманец.