Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сцэні́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сцэны (у 1 знач.); з’яўляецца сцэнай. Сцэнічныя падмосткі.

2. Звязаны з тэатрам, тэатральнай дзейнасцю, тэатральным мастацтвам. Сцэнічная дзейнасць. □ Станіслаўскі лічыў, што раўнадушша акцёра да аўтарскага тэксту, якое настае раней, чым паспеў нарадзіцца спектакль, заўсёды згубнае для гэтага спектакля і яго сцэнічнага даўгалецця. «Маладосць». // Які мае адносіны да паказу на сцэне; характэрны для сцэны; прыняты на сцэне. Сцэнічны эфект. Сцэнічныя прыёмы. □ Усім сваім артыстам .. [пан Вашамірскі] прыдумваў сцэнічныя імёны. Бядуля. // Які ствараецца на сцэне, у тэатры. Сцэнічны партрэт героя. □ Сцэнічныя вобразы, створаныя Ірынай Ждановіч, сагрэты і апаэтызаваны яе выключным драматычным талентам. «Полымя». // Прызначаны для сцэны, тэатра. Сцэнічны жывапіс. Сцэнічны варыянт рамана.

3. Які мае патрэбныя для сцэны, тэатра якасці; прыгодны для сцэны, тэатра. Сцэнічная п’еса. □ [Самуйлёнак:] — Напісаць сцэнічны твор не так лёгка. Хведаровіч.

сцэнтрава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад сцэнтраваць.

сцэнтрава́цца, ‑руецца; зак.

Спец. Сумясціцца, супасці (аб цэнтрах, восях якіх‑н. дэталей, інструментаў, механізмаў).

сцэнтрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.

Спец. Прывесці цэнтр інструмента, механізма ў належнае становішча. Сцэнтраваць аптычныя шклы.

сцю́ард, ‑а, М ‑дзе, м.

Афіцыянт на пасажырскім марскім судне ці пасажырскім самалёце.

[Англ. steward.]

сцюардэ́са, ‑ы, ж.

Жанчына, якая абслугоўвае пасажыраў на самалёце; бортправадніца.

сцюдзёна, безас. у знач. вык.

Разм. Пра нізкую тэмпературу паветра. Ля кручы было сцюдзёна, дзьмуў золкі вецер. Быкаў. Віхор пачаў круціць, Маланка заіграла — І сцюдзёна і жудасна зрабілася. Бядуля.

сцюдзёнасць, ‑і, ж.

Разм. Уласцівасць і стан сцюдзёнага (у 1 знач.). У паветры чулася ціхая сцюдзёнасць. Скрыган. Ад страт нідзе нам не падзецца, І пазнаеш не ты адзін, Што з цвету майскага прадзецца Сцюдзёнасць позніх павуцін. Гаўрусёў.

сцюдзёнка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.

Разм. Халодная вада. [Вада] ў адным месцы паспрабавала выйсці, у другім, у трэцім, пакуль непадалёку ад Сажа не прабілася сцюдзёнкай. «Звязда».

сцюдзёны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Які мае нізкую ці адносна нізкую тэмпературу; халодны (пра паветра, вецер і пад.). Вада ў .. [рэчцы] сцюдзёная, крынічная, чыстая, як крышталь. Новікаў. Хвілін праз сорак, у дадатак да ўсіх нашых няшчасцяў, мы [лётчыкі] трапілі ў густы сцюдзёны туман. Шамякін. Пуста і холадна цяпер там [на месцы сустрэчы], вербы атрасаюць апошняе лісце, сцюдзёны вецер вее ад ракі. Чарнышэвіч. / Пра цела, часткі цела. Лоб быў сцюдзёны, і Алег пакрыў яго далонню, а потым пачаў хукаць, грэць сваім дыханнем. Ермаловіч. [Ногі] былі дужа азызлыя, нібы падпухлыя, і дужа сцюдзёныя. Быкаў. // Які характарызуецца нізкай тэмпературай (пра пагоду, пару і пад.). У верасні ночы бываюць сцюдзёныя. Галавач. Іх [сяброў] прывялі за дрот зімой сцюдзёнай. Аўрамчык. У сцюдзёную зімовую пару аўтаматчыкі станавіліся на лыжы і рабілі рэйды ў тыл ворага. «Звязда». // Які не ацяпляецца; не ўцеплены (пра памяшканне). У доўгай, бы пуня, сцюдзёнай будыніне, апрача залы са сцэнай, былі два пакойчыкі. Мядзёлка. // Пазбаўлены цеплыні (пра рэчывы, прадметы, з’явы). Калючым сцюдзёным снегам гарэзна сыпле ў твар [вецер], сячэ, як шротам. Якімовіч. Сцюдзёная раса абмывае ногі, аж ломіць у суставах. Гамолка. // Ахалоджаны. Сцюдзёны квас.

2. Звязаны з адчуваннем холаду, з уяўленнем аб холадзе. Сцюдзёнае неба. / Пра цемень, сінь і пад. Ранак сустрэў Свету сцюдзёным блакітам чыстага неба. Гарбук. [Вочы старога рыбака] наглядзеліся за век і на яснае сонца, якога так шмат бывае на крынічна-празрыстай азёрнай вадзе, і на сцюдзёную чорную цемрадзь. Брыль. // перан. Які нагадвае па колеру лёд, глыбіню вады, паветраную прастору. Калі адцвітае яна — пяшчотна сіняя сцюдзёная краска — тады жыццё адкрывае ўсе вокны. Лынькоў.

3. Які не вылучае цяпла; не выклікае адчування цяпла (пра месяц, зоркі). А там, на радзіме, марозам убраны У сцюдзёныя зоры стары медны бор. Танк. / Пра зару, святло і пад. Калі ж разліўся ў роднай шыры Сцюдзёным сполахам усход, Ужо над пожнямі у вырай Вандроўнік-жораў вёў свой род. Кірэенка. / у вобразным ужыв. Гарэла каліна ў сцюдзёным агні. Дубоўка.