сцэні́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сцэны (у 1 знач.); з’яўляецца сцэнай. Сцэнічныя падмосткі.

2. Звязаны з тэатрам, тэатральнай дзейнасцю, тэатральным мастацтвам. Сцэнічная дзейнасць. □ Станіслаўскі лічыў, што раўнадушша акцёра да аўтарскага тэксту, якое настае раней, чым паспеў нарадзіцца спектакль, заўсёды згубнае для гэтага спектакля і яго сцэнічнага даўгалецця. «Маладосць». // Які мае адносіны да паказу на сцэне; характэрны для сцэны; прыняты на сцэне. Сцэнічны эфект. Сцэнічныя прыёмы. □ Усім сваім артыстам .. [пан Вашамірскі] прыдумваў сцэнічныя імёны. Бядуля. // Які ствараецца на сцэне, у тэатры. Сцэнічны партрэт героя. □ Сцэнічныя вобразы, створаныя Ірынай Ждановіч, сагрэты і апаэтызаваны яе выключным драматычным талентам. «Полымя». // Прызначаны для сцэны, тэатра. Сцэнічны жывапіс. Сцэнічны варыянт рамана.

3. Які мае патрэбныя для сцэны, тэатра якасці; прыгодны для сцэны, тэатра. Сцэнічная п’еса. □ [Самуйлёнак:] — Напісаць сцэнічны твор не так лёгка. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)