Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ры́марскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рымара, звязаны з яго працай. Рымарскія вырабы. Рымарская майстэрня.

ры́марства, ‑а, н.

Рамяство, занятак рымара.

ры́мляне, ‑ян; адз. рымлянін, ‑а, м.; рымлянка, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. рымлянкі, ‑нак; ж.

1. Грамадзяне старажытнай Рымскай дзяржавы.

2. Жыхары горада Рыма.

ры́млянін,

гл. рымляне.

ры́млянка,

гл. рымляне.

ры́мскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да Рыма, рымлян. Рымскі тэатр. Рымскае грамадства. // Уласцівы рымлянам, такі, як у рымлян. Рымскі нос. □ Палкія вочы, рымскі профіль, малыя поўныя губы, роўны, прыўзняты злёгку нос. Гартны.

2. Каталіцкі. Рымскі папа. Рымская царква.

•••

Рымскае права гл. права.

Рымскія лічбы гл. лічба.

ры́на, ‑ы, ж.

Абл. Металічная труба для сцёку дажджавой ці снегавой вады з даху; вадасцёк. Толькі цяпер угледзеў, што рына на доме вісіць зусім крыва. Карпюк. Калі ж, нарэшце, раннім ранкам Гром грымне, дождж заплешча ў рынах, Ён [Я. Колас] выйдзе радасны на ганак З усмешкай мудрай селяніна! Лойка.

ры́нак, ‑нку, м.

1. Месца рознічнага гандлю спажыўнымі прадуктамі і іншымі таварамі; базар. Усё лета вазілі гуркі, памідоры, капусту на калгасны рынак. Шамякін. Прыехаў пан у горад, пераначаваў, а назаўтра пайшоў на рынак шукаць аўса. Якімовіч. Пакуль [Маша] схадзіла на рынак, купіла свежай гародніны ды бялізну памыла, і дзень праляцеў. Гроднеў.

2. Спец. Сфера таварнага абарачэння, сістэма эканамічных сувязей паміж таваравытворцамі. Знешні рынак. Унутраны рынак. Сусветны рынак.

•••

Агульны рынак — міжнароднае дзяржаўна-манапалістычнае аб’яднанне.

рынало́гія, ‑і, ж.

Раздзел медыцыны, які вывучае хваробы носа.

[Грэч. rhis, rhinos — нос і logos — вучэнне.]

рынапла́стыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

Аднаўленне носа або выпраўленне яго формы з дапамогай пластычнай хірургіі.