Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прыва́блівы, ‑ая, ‑ае.

Які прываблівае, прыцягвае да сябе сваімі якасцямі, уласцівасцямі. Звінеў малады дзявочы смех, радасны і прываблівы. Шамякін. [Аксіння] здавалася яму, як ніколі раней, прываблівай і роднай. Мележ. Мы цешымся, калі набліжаемся да такой мяжы, што пакідае за сабою бязрадасны, цяжкі і пакутлівы кавалак жыцця, і пераходзім у другі яго круг — ясны, прываблівы, жаданы. Колас.

прыва́бнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць прывабнага; здольнасць прывабліваць, прыцягваць да сябе. Сіняя сівізна не пасавала да маладжавасці твару і тым не менш надавала яму мяккую прывабнасць. Хадкевіч. Прыпяць надае ўсёй гэтай мясцовасці чароўную прывабнасць. В. Вольскі. // Прыгажосць, мілавіднасць. Колькі разоў прыязджалі да .. [Эльзы] багатыя жаніхі, захапляліся яе прывабнасцю. Шчарбатаў. // Цікавасць, займальнасць. Янук з усіх сіл імкнуўся даказаць мне прывабнасць клоунскай прафесіі. Асіпенка.

прыва́бны, ‑ая, ‑ае.

1. Які вабіць, прыцягвае да сябе якімі‑н. якасцямі, рысамі. «На, еш, я не хачу, дальбог», — гаварыў .. [Толя], працягнуўшы Сашку далонь, на якой быў пакутліва прывабны ласунак. Брыль. Але ў гэтым прызнанні было столькі нявіннай прастаты, шчырай даверлівасці, што такая вестка мяне не толькі не адштурхнула, а зрабіла паненку яшчэ больш прывабнай. Карпюк. // Прыемны з выгляду; прыгожы, мілавідны. Прывабная постаць. Прывабныя рысы твару. □ Прывабныя, ветлівыя дзяўчаты міла ўсміхаюцца і вітаюць нечаканых гасцей. Новікаў.

2. Прыемны; мілы. Прывабны голас. Прывабны выгляд. Прывабная ўсмешка. □ Цішыня і прывабнае цяпло агарнулі.. [Несцера]. Кулакоўскі. — Вам, мусіць, нявесела аднаму? — спытала жанчына.. голасам, у якім чуўся нейкі прывабны смех. Колас.

3. Які вабіць чым‑н., выклікае цікавасць. Прывабная прафесія. □ Вядома, прывабная прапанова — працаваць у клініцы пад кіраўніцтвам такога славутага прафесара. Шамякін.

прыва́га, ‑і, ДМ ‑вазе, ж.

Павелічэнне вагі (маладняку або жывёл, якія знаходзяцца на адкорме). Сярэднесутачная прывага свіней. □ За які месяц Заранчынага гаспадарання надоі павысіліся як не ў паўтара раза. Павялічылася і прывага маладняку. Сабаленка.

пры́вад, ‑а, М ‑дзе, м.

Тое, што і прывод ​2. Ёсць жа ў краіне прадпрыемствы, якія выпускаюць .. [мясарубку] з электрычным прывадам, што дае магчымасць прыстасаваць яе для перапрацоўкі садавіны і гародніны, выціскання сокаў і г. д. «Звязда». Далей на ўсю шырыню сядзібы раскашавалася гумно, трошкі воддаль ад якога пад адмысловай паветкай стаяў назублены прывад малатарні. Сабаленка. — Ламачына, а не малатарня. Ды к таму і прывад няспраўны, — злосна буркнуў Вабейка. Хадкевіч.

прывадне́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. прывадняцца — правадніцца.

прывадні́цца, ‑ваднюся, ‑воднішся, ‑водніцца; зак.

Апусціцца на ваду, на паверхню вады (пра карабель, ракету і пад.). У 18 гадзін 54 мінуты маскоўскага часу 21 верасня 1968 года аўтаматычная станцыя ўвайшла ў атмасферу Зямлі.. і ў 19 гадзін 08 мінут прываднілася ў разліковым раёне ў акваторыі Індыйскага акіяна. «Звязда».

прывадны́, ‑ая, ‑ое.

Спец. Які мае адносіны да прывода ​2. Прывадны вал. Прывадны пас. // Які дзейнічае з дапамогай прывода. Прывадны насос. Прывадны молат.

прывадня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца.

Незак. да прывадніцца.

прыва́жаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прыважыць.