во́зка, ‑і, ДМ ‑зцы, ж.
Дзеянне паводле дзеясл. вазіць (у 1 знач.).
во́знік, ‑а, м.
1. Той, хто кіруе запрэжанымі коньмі; вазніца, фурман.
2. Той, хто займаецца возніцтвам. Патупаўшы на рынку і не знайшоўшы нікога з Выганаў, Лабановіч старгаваў за рубель возніка. Колас. Некалькі год давялося бацьку працаваць і местачковым балаголам, а потым у купцоў вознікам лясных матэрыялаў. Хведаровіч.
во́зніцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да возніка, возніцтва. Возніцкі промысел.
во́зніцтва, ‑а, н.
Промысел па перавозцы коньмі каго‑, чаго‑н. Займацца возніцтвам.
во́зчык, ‑а, м.
1. Той, хто займаецца перавозам грузаў на конях. Дарога па першым сняжку, працёртая возчыкамі дроў, аж блішчала пад сонцам. Якімовіч.
2. Тое, што і вознік (у 1 знач.).
во́зчыцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да возчыка.
во́ін, ‑а, м.
Ваеннаслужачы; салдат, баец. Савецкі воін. Воіны Савецкай Арміі. // Змагар, барацьбіт, ваяка. Адзін у полі не воін. Прыказка.
во́інскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да ваеннай справы. Воінскі статут. Воінскі эшалон. Воінская часць. // Звязаны з ваеннай службай. Воінская павіннасць. □ Усеагульны воінскі абавязак з’яўляецца законам. Канстытуцыя БССР. // Уласцівы ваеннаслужачаму. Сям-там завіхаліся ў натоўпе камандзіры, намагаючыся прывесці гэтых людзей у больш-менш воінскі выгляд. Лынькоў.
во́інства, ‑а, н., зб.
Высок. Воіны, ваеннаслужачыя.
вой, выкл.
Выказвае пачуццё болю, страху, трывогі, здзіўлення, захаплення, радасці. [Дзяўчаты:] — Вой, хутчэй, хутчэй, Танечка, уцякайма адсюль! Машара. Не трэба было слухаць.. [Сярожку]. Вой, не трэба было!.. Васілёнак. [Базыліха:] — Вой, якая ж ты шчаслівая, Тэкля! Краўчанка.