Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прамы́віна, ‑ы, ж.

Тое, што і прамыіна.

прамы́іна, ‑ы, ж.

1. Упадзіна, прамытая ліўнем, утвораная патокам вады. Я бачыў людзей, якія ў хвіліну небяспекі, калі на перамычку наступала вада, загароджвалі грудзьмі прамыіну. Галавач.

2. Незамерзлае месца на ледзяной паверхні ракі, возера і пад. Як .. [Пятрусь] забыў, што на рэчцы ёсць палонкі і прамыіны? «Работніца і сялянка».

прамы́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм.

1. Абазвацца мыканнем. Прамыкала карова.

2. перан.; што і без дап. Сказаць, вымавіць незразумела, неразборліва.

3. Мыкаць некаторы час.

прамысло́васць, ‑і, ж.

1. Галіна матэрыяльнай вытворчасці, якая ахоплівае здабычу, перапрацоўку прыродных рэсурсаў і прадуктаў сельскай гаспадаркі, забяспечвае ўсе галіны эканомікі сродкамі вытворчасці, пастаўляе пераважную частку прадметаў спажывання. Здабываючая прамысловасць. Апрацоўчая прамысловасць.

2. з азначэннем. Сукупнасць прадпрыемстваў якой‑н. вытворчасці. Машынабудаўнічая прамысловасць. Авіяцыйная прамысловасць. Тэкстыльная прамысловасць. Хімічная прамысловасць.

•••

Лёгкая прамысловасць — галіна грамадскай вытворчасці, якая займаецца вырабам прадметаў шырокага спажывання.

Мясцовая прамысловасць — прамысловасць, якая працуе на сыравіне і паліве дадзенай мясцовасці і задавальняе патрэбы мясцовага насельніцтва.

Цяжкая прамысловасць — галіна грамадскай вытворчасці, якая займаецца вырабам сродкаў вытворчасці.

прамысло́вец, ‑лоўца, м.

Уладальнік капіталістычнага прамысловага прадпрыемства. [Нявідны:] — Выгнаныя фабрыканты, купцы, прамыслоўцы, памешчыкі .. знайшлі сабе спачуванне сярод замежных капіталістаў. Колас.

прамысло́вік, ‑а, м.

1. Асоба, якая займаецца промыслам (у 1 знач.).

2. Рабочы на промысле, промыслах (у 3 знач.). Для лесарубаў везлі прадукты, тавары, а для далёкіх калгасаў, прамысловікаў — машыны, абсталяванне. Мяжэвіч.

прамысло́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да прамысловасці. Прамысловае прадпрыемства. Прамысловы цэнтр. Прамысловыя фонды. □ Загадчык прамысловага аддзела Полацкага гаркома партыі Тамара Аляксандраўна Кажура, дачка бабруйскага чыгуначніка, усё бачыла, усё ведала, высока цаніла кожную капейку, запрацаваную мазалём. Грахоўскі. // Які вырабляецца прамысловасцю. Селянін занёс у горад прадукты і выменяў іх на прамысловыя тавары. Новікаў. // Які валодае развітой прамысловасцю. Прамысловая краіна. Прамысловы раён.

2. Які мае адносіны да промыслу; звязаны з промыслам. // Які займаецца промыслам (пра чалавека).

3. Які з’яўляецца аб’ектам промыслу (у 1 знач.), прамысловасці. Прамысловая рыба. □ Буравыя вышкі вырасталі і знікалі, аднойчы паказалася нафта, але, як сцвярджалі спецыялісты, — не прамысловая. Навуменка. Белы мядзведзь у высокіх шыротах з’яўляецца амаль адзіным каштоўным прамысловым зверам. Матрунёнак.

•••

Прамысловы капітал гл. капітал.

прамы́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прамыць.

прамы́ўка, ‑і, ДМ ‑мыўцы, ж.

Дзеянне паводле дзеясл. прамываць — прамыць (у 1, 2 знач.).

прамыўны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які прызначаны, служыць для прамывання, прамыўкі. Прамыўны чан. Прамыўныя вежы.

2. у знач. наз. прамыўна́я, ‑ой, ж. Спец. Памяшканне, у якім адбываецца прамыўка.