Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шырокарадко́вы, ‑ая, ‑ае.

Звязаны з выкарыстаннем шырокіх міжрадкоўяў пры сяўбе некаторых сельскагаспадарчых культур. Шырокарадковыя пасевы павінны прымяняцца толькі ў тых умовах, дзе неабходна міжрадковая апрацоўка. «Беларусь». // Прызначаны для такой сяўбы. Шырокарадковая сеялка.

шырокараспаўсю́джаны, ‑ая, ‑ае.

Які атрымаў шырокае распаўсюджанне, набыў шырокую вядомасць. Па свайму настрою і па некаторых паэтычных вобразах гэты верш [«Бура ідзе» Цёткі] яўна пераклікаецца з агульнавядомай і шырокараспаўсюджанай у тыя часы рэвалюцыйнай песняй «Варшавякка». Клімковіч.

шырокаўжыва́льны, ‑ая, ‑ае.

Які шырока ўжываецца. Мова мастацкай літаратуры ўзбагачалася за кошт пранікнення ў яе шматлікіх новых слоў, у тым ліку і шырокаўжывальных тэрмінаў. Шакун.

шырокафарма́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Зняты на плёнцы, якая шырэй за звычайную (пра фільм). Шырокафарматны фільм.

2. Прызначаны для дэманстрацыі такіх фільмаў. Шырокафарматны панарамны кінатэатр.

шырокаэкра́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае шырокі экран. [Рэпнік:] — Ты ведаеш, я прыехаў, дык тут усяго нейкіх пару дамоў было. Увесь горад у зямлі быў, у падмурках. А цяпер, бачыш, як раздаўся, вырас. Шырокаэкранны кінатэатр, універмаг, тэхнікум. Кудравец. // Які зроблены, прызначаны для шырокага экрана. Шырокаэкраннае кіно тыпу «Сінерамы», бясспрэчна, мае добрую будучыню. Мележ.

шыро́кі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае вялікія памеры ў папярочніку; проціл. вузкі. Тратуар шырокі. Па ім ідзе многа людзей. Брыль. Вагоны ў цягніку былі надзвычай прыгожыя, усё з шырокімі вокнамі. Лынькоў. Мужчына прыцмокнуў языком, і шчаціністы твар яго расплыўся ў шырокай ласкавай усмешцы. Няхай. Прайшло шмат часу, а яны [дубы] стаяць усё такія ж, як і раней, у вечнай задуме, раскінуўшы ў паднябессі шырокае магутнае голле. Дуброўскі. // Буйны, плячысты, каранасты (пра склад цела чалавека). Ліпа Варфаламееўна — шырокая, высокая, дзябёлая і таксама вельмі ветлівая, вельмі гаваркая, вельмі шчырая. Пянкрат. А той [Максім], высокі, шырокі ў плячах, але крыху згорблены, праціснуўся наперад. Капусцін.

2. Свабодны па пакрою, які не прылягае да фігуры. Поп выйшаў босы, накінуўшы на сябе шырокі каптан. Колас. Сівы, увесь ружовенькі, як анісавы яблык, з запалым, як у бабулькі, ротам, апрануты.. [сусед] быў у шырокі салдацкі мундзір. Ракітны.

3. Які займае сабой вялікую прастору; вялізны. Налева адкрыўся шырокі плёс. Брыль. Шырокі парк, густы агрэст, Шумяць дубы і клёны. Прыходзька. На луг шырокі Грамада рушыла касцоў. Гурло. Я праходжу, Мая краіна, Твой шырокі, Як свет, Прастор. Глебка.

4. Размашысты, свабодны (пра крокі, рухі і пад.). Ад ложка доктар пайшоў хутка, шырокім крокам, як спяшаўся куды. Пташнікаў. — Прашу! — Гунава, ідучы да стала, зрабіў шырокі, гасцінны жэст. Самуйлёнак.

5. перан. Вялікі па колькасці, ступені ахопу, размаху і пад. Шырокая сетка школ. Шырокія паўнамоцтвы. Шырокія планы. □ Шырокая аўдыторыя таксама прыкмеціла і запомніла інтэлігентнага лектара, які ўмеў вельмі жыва і цікава расказаць пра творчасць Някрасава ці Маякоўскага. Ліс. // Вялікі, значны па багаццю, разнастайны па выбар і пад. Шырокая начытанасць. Спецыяліст шырокага профілю. Шырокая праграма навуковых даследаванняў. □ У чайной заўсёды шырокі асартымент страў. «Беларусь». // Неабмежаваны, агульны. — Мы павінны лячыць фактычна здаровых людзей, разумеючы лячэнне ў шырокім сэнсе гэтага слова. Шахавец. Творчы кругагляд Самуйлёнка вельмі шырокі, цікавіўся ён многім. «Маладосць». Пад восень 1943 года пачалося наша шырокае наступленне. Лужанін. // Які вызначаецца вялікім размахам у дзейнасці, шчодрасцю ў выяўленні сваіх пачуццяў і пад. Гэта быў чалавек з адкрытым, шырокім характарам. «Маладосць». Ты ведай, дзяўчына, павер, дарагая, Даўно ў маім сэрцы шырокім жывеш. Бялевіч. // Свабодны і гучны. Напевамі песні шырокай Гамоняць палі і лугі. Колас. Песня хлынула шырокая, працяжная... Грамовіч.

6. перан. Які ахоплівае ўсё, многае або ўсіх, многіх, распаўсюджваецца на ўсё, многае або ўсіх, многіх; масавы. Шырокае сацыялістычнае спаборніцтва. Шырокія колы чытачоў. □ Бальшавікі разгарнулі сярод салдат шырокую агітацыю, растлумачваючы ім сапраўдныя мэты і прычыны вайны, паказваючы, у чыіх інтарэсах яна вядзецца. Кудраўцаў. Таварыства [аховы помнікаў гісторыі і культуры] праводзіць шырокую прапагандысцкую работу. «Помнікі». // Які з’яўляецца прадстаўніком многіх людзей. Шырокі чытач. // Распаўсюджаны, вядомы многім. Шырокая папулярнасць. □ Шырокі рэзананс кабыла беларуская літаратура на Украіне ў пачатку ХХ стагоддзя. «Полымя». // Прызначаны для многіх людзей, разлічаны на шырокія масы. На прадпрыемствах Ніжняга Тагіла расшыраецца выраб тавараў шырокага ўжытку. «Звязда».

•••

Шырокі экран гл. экран.

На шырокую нагу гл. нага.

Шырокая косць; шырокі ў косці гл. косць.

Шырокая натура гл. натура.

Шырокім фронтам гл. фронт.

шыро́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да геаграфічнай шыраты, звязаны з ёй. Шыротная даследчая станцыя. // Які праходзіць па пэўнай шыраце. Шыротная магістраль.

шырспажы́ў, ‑жыву, м.

Разм. Спажыванне чаго‑н., карыстанне чым‑н. у значным маштабе вялікай колькасцю людзей; прадукцыя, прызначаная для такога спажывання.

шы́ршы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Выш. ст. да прым. шырокі.

шыры́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Разрэз у пярэдняй частцы штаноў; прарэх. — Знайшлі каго назначаць старшым! — ускоквае Нікіціна. — Ён нават шырынкі сабе не зашпіліць! Карпюк.