тытулава́нне, ‑я, н.
Называнне каго‑н. адпаведна тытулу (у 1 знач.), чыну, званню, а таксама слоўная формула, якой тытулуюць каго‑н. Наконт тытулавання па бацьку .. [Іван Мацвеевіч] зараз жа расказаў пікантны анекдот. Бядуля.
тытулава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад тытулаваць.
2. у знач. прым. Які мае тытул (у 1 знач.). Тытулаваная асоба. □ Самымі буйнымі ўладальнікамі маёнткаў пераважна былі прыгоннікі з ліку тытулаванага польскага і рускага дваранства. Ларчанка.
тытулава́цца, ‑луюся, ‑луешся, ‑луецца; незак.
1. Мець тытул (у 1 знач.).
2. Зал. да тытулаваць.
тытулава́ць, ‑лую, ‑луеш, ‑луе; зак. і незак., каго.
Назваць (называць) каго‑н. у адпаведнасці з тытулам (у 1 знач.), званнем, чынам. Тытулаваць графам. // Назваць (называць) каго‑н. у адпаведнасці з родам заняткаў, званнем, пасадай і пад. Цяпер яго тытулуюць заслужаным настаўнікам БССР.
ты́тульны, ‑ая, ‑ае.
Які з’яўляецца тытулам (у 2 знач.). Тытульная старонка. // Прызначаны для тытула (у 2 знач.). Тытульная папера. Тытульны шрыфт.
•••
Тытульны ліст гл. ліст.
тытуля́рны, ‑ая, ‑ае.
У выразе: тытулярны саветнік гл. саветнік.
тыту́н, ‑у, м.
Тое, што і тытунь. Дзед сядзеў на лаўцы каля печы. У пячурцы ляжаў яго капшук з тытуном і крэсіва. Колас. Тадэўчык устае, папраўляе вогнішча, напіхае зноў тытуну ў люльку і дзівіцца. Бядуля.
тытуне́ц, ‑нцу, м.
Разм. Памянш.-ласк. да тытунь, тытун. [Яроцкі:] — А ўжо з сапраўдным тытунцом, то я табе скажу, і Вежа такога не нюхаў, што я магу зрабіць. Караткевіч. Калі ты курэц, то насі люльку і тытунец. Прыказка.
тытунёвы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да тытуню. Тытунёвы ліст. □ Кудзін адчыніў кабіну, з якой патыхнула сухім цяплом, пахам саляркі і тытунёвага дыму. Радкевіч. Сухі і казытлівы тытунёвы пыл лезе ў рот. Паўлаў. // Атрыманы з тытуню. Тытунёвае масла. // Звязаны з вырошчваннем, апрацоўкай і продажам тытуню. Тытунёвая фабрыка. Тытунёвы ларок. □ Палікарпаўна ўжо даўно тытунёвую расаду павеяла. Кулакоўскі. Арцём пайшоў шукаць шчасця на новых землях, тытунёвых плантацыях. Самуйлёнак.
2. Зеленавата-карычневы; колеру тытуню. [Лізагуб] гаварыў і ўсміхаўся белымі зубамі, а ўсмешка была халодная, абыякавая. Валасы бліскучыя ад брыльянціну, нібы карова ягоную галаву лізала. Вочы тытунёвага колеру, абыякава-ўважныя. Караткевіч.
тыту́нь, ‑ю, м.
1. Травяністая расліна сямейства паслёнавых, лісце якой багата нікацінам. Садзіць тытунь. □ Аднойчы бацька пасынкаваў тытунь. Адломленыя парасткі і лісце ён паклаў на печы сушыць. Навуменка.
2. Высушанае і дробна нарэзанае лісце і сцёблы гэтай расліны, якія ідуць на курэнне. Уважліва, усё з той жа бацькоўскай усмешкай слухаючы Васю, Леанід Ільіч набіў тытунём сваю люлечку з доўгім роўным цыбуком і запыхкаў дымам. Краўчанка. Бацька выйшаў за Антонам на вуліцу, аддаў яму на памяць тытунь з капшуком. Мыслівец.
[Цюрк.]