тытунёвы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да тытуню. Тытунёвы ліст. ▪ Кудзін адчыніў кабіну, з якой патыхнула сухім цяплом, пахам саляркі і тытунёвага дыму. Радкевіч. Сухі і казытлівы тытунёвы пыл лезе ў рот. Паўлаў. // Атрыманы з тытуню. Тытунёвае масла. // Звязаны з вырошчваннем, апрацоўкай і продажам тытуню. Тытунёвая фабрыка. Тытунёвы ларок. ▪ Палікарпаўна ўжо даўно тытунёвую расаду павеяла. Кулакоўскі. Арцём пайшоў шукаць шчасця на новых землях, тытунёвых плантацыях. Самуйлёнак.

2. Зеленавата-карычневы; колеру тытуню. [Лізагуб] гаварыў і ўсміхаўся белымі зубамі, а ўсмешка была халодная, абыякавая. Валасы бліскучыя ад брыльянціну, нібы карова ягоную галаву лізала. Вочы тытунёвага колеру, абыякава-ўважныя. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)