Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

смо́льшчык, ‑а. м.

Рабочы, які займаецца смаленнем чаго‑н.

смо́ргаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Тое, што і шморгаць. Сморгаць носам. □ — Но-о, паехалі! — сморгаў Мікалай коней за лейцы. Паслядовіч. Збянтэжаны Галілей тупаў каля Таццяны, сморгаў яе чамусьці за локаць і ўгаворваў: — Гэта, Таццяначка, добрыя слёзы... Зарэцкі.

сморж, смаржа, м.

Разм. Тое, што і смаржок. — Гэта смаржы, — сказаў Мірон, калі ўважліва разгледзеў .. [грыбы]. Маўр.

смоўж, смаўжа, м.

Тое, што і слімак. Смоўж мокры, як скручаны слівень, Ляжаў, павялічаны шклом. Калачынскі. [Алёша:] — Ведаеш, Рая... Мне страшэнна не падабаецца, што гэты прылізаны смоўж, — кіўнуў ён у бок Арэшкіна, — гэты Хлестакоў жыве ў вас... Шамякін.

смоўжападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Падобны да смаўжа.

смуга́, ‑і, ДМ смузе, ж.

1. Лёгкая, падобная на дым атмасферная пялёнка, дымка, туман. Агорнутыя сіняватаю смугою, журботна пазіралі далечы і ніклі ў святле жнівеньскага сонца. Колас. Неба тым часам усё хмурнела. Смуга зрабілася хмарай і схавала сонца. Чарнышэвіч. Ранішняя смуга памалу рассейваецца. С. Александровіч. Дарогі знікалі недзе за Мінскам у летняй смузе, недзе вельмі далёка. Мележ. // Непразрыстае воблака, пялёнка з пылу, дыму, снегу і пад. Залацістая пыльная смуга шугала ад саламатрэса. Паслядовіч. // Покрыва чаго‑н., сляды ад чаго‑н. Напярэдадні прайшоў спорны веснавы дождж, першы ў гэтым годзе. Ён абмыў з зямлі ўсю смугу, што засталася ад зімы. Шахавец. На кожнай яблыні, на ліпе Смуга пажоўклая вісела. Бялевіч. Пасля на вуголлі пачала ўвачавідкі расці тоненькая смуга попелу. Быкаў.

2. перан. Тое, што перашкаджае ясна бачыць, затуманьвае. Вочы.. [Марынкі] ахутваліся смугой, калі яна задумвалася і глядзела перад сабой. Хадкевіч. // Тое, што перашкаджае разумець што‑н. І страх у панскіх мыслях блудзіць, Смуга ў свядомасць забрыла. Колас. // Выраз, праяўленне на твары якога‑н. настрою. Смуга на твары, нібы скруха... Кусянкоў.

3. перан. У некаторых выразах выкарыстоўваецца для абазначэння няяснасці, няпэўнасці. У смузе гадоў. Скрозь смугу стагоддзяў. // Загадкавасць, тайна. Толькі час над сном маленства ўявіўся, Разагнаў рамантыкі смугу. Калачынскі.

смуглава́тасць, ‑і, ж.

Уласцівасць смуглаватага. Смуглаватасць скуры.

смуглава́ты, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і смуглявы. А Ніна спіць. Як міла раскінула яна свае тонкія ручкі, як хораша ёй са смуглаватым румянцам першага вясновага загару!.. Брыль.

сму́гласць, ‑і, ж.

Уласцівасць смуглага. Зірнула ў люстэрка і ўгледзела, як памаладзела. Колер сукенкі вельмі ж пасаваў да смугласці Галінага твару. Сабаленка.

смуглата́, ‑ы, ДМ ‑лаце, ж.

Тое, што і смугласць.