до́нца, ‑а, н.
Памянш. да дно (у 2 знач.). [Галіна] наліла — поўную чарку мне і на донца сабе. Васілёнак.
до́нька, ‑і, ДМ ‑ньцы, ж.
Абл. Дачка. — Хадзі да мяне, донька, паляжы трошкі, — сказала Ліда Сцяпанаўна. Шчарбатаў.
до́пінг, ‑у, м.
1. Узбуджальныя сродкі, якія пры ўвядзенні ў арганізм стымулююць фізічную і нервовую дзейнасць.
2. перан. Пра ўсё, што стымулюе творчую актыўнасць, павышае працаздольнасць.
[Англ. dope — даваць наркотык.]
до́пінгавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да допінгу.
до́піс, ‑у, м.
Паведамленне пра што‑н., заметкі, дасланыя ў газету ці часопіс. Юнкораўскія допісы. □ Пісаў .. [Заранік] у газету мала — паслаў два аператыўныя допісы і нарыс пра брыгаду Лясовіча. Хадкевіч.
до́пуск, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. дапусціць (у 1 знач.); дазвол на доступ куды‑н., да каго‑, чаго‑н. Допуск да хворага. Допуск да экзаменаў. Допуск да сакрэтных дакументаў.
2. Дапушчальнае тэхнічнымі нормамі адхіленне ад устаноўленага размеру пры вырабе чаго‑н. Зменшыць допускі.
до́пыт, ‑у, М ‑пыце, м.
Апытанне падследнага, сведкі і пад. для высвятлення чаго‑н., атрымання патрэбных звестак аб кім‑, чым‑н. Выклікаць на допыт. □ Допыт вёў Гнядкоў і рабіў гэта паважна, па ўсіх правілах. Шамякін. Немцы і пасаджаныя ў вёску паліцаі цягалі на допыт жонку Міхала і яго суседзяў. Васілевіч. // Разм. Настойлівае падрабязнае распытванне. Тут, вядома, пачаліся допыты: як і што, дзе быў, чаму загуляўся так позна? Няхай.
дор, ‑у, м., зб.
Абл. Драніца. Жанчына падумала, што на адны нявестчыны заробкі можна будзе за год які памяняць падгнілае ніжняе бярвенне ў хаце, перабраць дор на страсе. Чыгрынаў.
до́ра, ‑ы, ж.
Пласкадонная рыбалоўная лодка з шырокай кармой, пашыраная на Поўначы.
до́рага, прысл.
1. Прысл. да дарагі (у 1 і 3 знач.). Хоць заплаціць прыходзіцца дорага, затое ж ехаць будзе выгодна. Колас. — Колькі? — спытаў Сімон. — Сто жоўценькіх, — коратка адказаў Гунава. — Дорага! — яшчэ карацей сказаў Сімон. Самуйлёнак. Хто калі перажываў расстанне з роднымі мясцінамі, той ведае, як радасна і дорага ўбачыць іх зноў. Навуменка.
2. перан. Цаной вялікіх намаганняў, цяжкасцей, ахвяр. Хачу я, каб .. [нашчадкі] не забывалі, Што нам свабода дасталася дорага. Свірка. [Фон Адлер] спыніў атакі — надта дорага яны каштавалі. Шамякін.
•••
Дорага б даў (заплаціў) гл. даць.
Дорага заплаціць гл. заплаціць.