гульта́йнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Тое, што і гультаяваць.
гульта́йскі, ‑ая, ‑ае.
Уласцівы гультаю; такі, як у гультая. Гультайскія паводзіны. Гультайскае жыццё.
гульта́йства, ‑а, н.
Паводзіны гультая; бяздзейнасць, лянота. Гультайства і лянота — два сябры. З нар. Народ не церпіць пустаслоўя, няўмельства, гультайства. «Маладосць».
гультаява́тасць, ‑і, ж.
Уласцівасць гультаяватага.
гультаява́ты, ‑ая, ‑ае.
Схільны да гультайства, трохі лянівы. Марыніч — хітры, гультаяваты чалавек, толькі від паказвае, што робіць, а сам пасмейваецца з Пракопа. Колас. // Які выражае гультайства, уласцівы гультаю. Гультаяватыя рухі. □ Раніцаю цішыню ў пасёлку парушыў гультаяваты, ахрыплы голас суседняга сабакі. Гурскі.
гультаява́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак.
Ухіляцца ад работы; бяздзейнічаць, лодарнічаць. Людзі сена сушаць, косяць Ды пагоды ў неба просяць; Аддыхнуць пара б, дык дзе там! Хто з сялян гультуе летам? Крапіва.
гулю́шкі, ‑шак.
Абл. Гулянне, гулянка. Ні адно вясковае вяселле, хрэсьбіны і іншыя гулюшкі не абыходзіліся без таго, каб на іх Марцін не ўчыніў вэрхал. Машара.
гу́ля, ‑і і гу́ла, ‑ы, ж.
Абл. Гуз, жаўлак. — Ты чаму гэта не сказаў, што пчала ўджаліла цябе ў лоб? Я адразу знайшоў бы дзьмухавец і яго сокам памагаў бы ранку. Нічога б не было, а то, бач, якая гуля вырасла! Ваданосаў.
гуля́ка, ‑і, м.
Разм. Той, хто гуляе, любіць гуляць (у 1, 2, 4, 5 і 6 знач.). Пра музыку вечна ходзіць Слава кепская ў народзе: «Не касец і не ратай, А гуляка і гультай». Бачыла.
гуля́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Тое, што і гульня (у 1 знач.). У гулянках пралятала маё дзіцячае жыццё. Багдановіч. І стаяць, сумуюць санкі, Не знайсці хлапцам гулянкі, Бо не выпаў снег. Кірэенка.
2. Разм. Вечарынка з песнямі, танцамі, гульнямі. Эх, чаму я не скрыпач, не Янка, Што заўсёды Зою праважае, Што заўсёды ў клубе, на гулянках Песні ёй лірычныя іграе. Танк. Пад канец гулянкі шкло зачэрнівалася ад сажы, танцы спыняліся і ўсе разыходзіліся па хатах. Пальчэўскі.
3. Разм. Вясёлае гулянне з частаваннем. Сынок нарадзіўся — гулянка была. Мыслівец. Гулянкі ж высокіх гасцей і стэнаграмы іх тостаў Андрэя Міхайлавіча ні ў якой меры не цікавілі. Самуйлёнак.