амшэ́лы, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і абымшэлы. Амшэлая страха. □ Андрэй прыпыняўся і.. аглядаў ствалы дрэў, каб па амшэлых баках пазнаць, дзе поўнач. Пестрак.
амыле́нне, ‑я, н.
Спец. Раскладанне арганічных злучэнняў вадою са шчолачамі.
амя́глы, ‑ая, ‑ае.
Абл. Падсохлы, прывялы без вады ў гарачую пару. Нясцерпная гарачыня. Амяглую кветку лілея Раскрыла, як рот качаня, І, ледзьве трываючы, млее. Аўрамчык.
амяла́, ‑ы, ж.
Шматгадовая вечназялёная расліна з белымі ядавітымі ягадамі, якая паразітуе на дрэвах.
амялу́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑так; ж.
Невялікая лясная птушка атрада вераб’іных са стракатым апярэннем і чубком на галаве. Толькі казытаў душу свіст ружовых амялушак, якія абляпілі голле маладой рабіны. Хомчанка.
амярцве́ласць, ‑і, ж.
Тое, што і абмярцвеласць.
амярцве́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які страціў адчувальнасць, зрабіўся мёртвым (пра клеткі, тканкі і пад.).
2. перан. Які страціў рухомасць пад уплывам чаго‑н. Не варушачыся, як амярцвелы, у шынялі і кепцы, ..[незнаёмы] насцярожана, і як бы палахліва глядзеў на Післяка. Сіўцоў. // Які заціх, перастаў быць ажыўленым. Амярцвелы горад. // Які пазбавіўся маральных сіл, адчувае спустошанасць; які перастаў актыўна рэагаваць на падзеі. Нават гром кананады Не развее тугі З амярцвелага сэрца. Глебка.
3. перан. Які страціў жыццёвасць, значэнне; аджыў. Амярцвелыя традыцыі.
амярцве́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. амярцвіць і стан паводле знач. дзеясл. амярцвець.
амярцве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Страціць адчувальнасць, зрабіцца мёртвым (пра клеткі, тканкі і пад.).
2. перан. Страціць рухомасць пад уплывам чаго‑н. Амярцвець ад жаху. // Перастаць быць ажыўленым, заціхнуць. Вуліцы амярцвелі. // Пазбавіцца маральных сіл; адчуць спустошанасць; перастаць актыўна рэагаваць на падзеі. Душа амярцвела.
3. перан. Страціць жыццёвасць, значэнне; аджыць.