ты́сячнік, ‑а, м.
1. Разм. уст. Багацей, уладальнік тысячнага капіталу. [Старыцкі:] Вазьмі хоць Дзеркача — ёсць тут такі: Быў тысячнік, а стаў мільёншчыкам за вайну. Клімковіч.
2. Разм. Перадавы рабочы, калгаснік, які выконвае дзесяць і больш норм выпрацоўкі за змену. Вопыт тысячнікаў.
3. Разм. Той, хто налятаў, наездзіў тысячу кіламетраў, зрабіў тысячу скачкоў з парашутам і пад. Шафёр-тысячнік.
ты́сячны, ‑ая, ‑ае.
1. Ліч. парадк. да тысяча. Тысячны кіламетр. // Частка, доля, атрыманая ад дзялення чаго‑н. на тысячу роўных частак. Тысячная доля мінуты. // Вельмі малая частка, доля чаго‑н. Пісьмо і тысячнай долі не раскажа таго, што хацелася сказаць. // Шматразовы, незлічоны. І што яно будзе? — у соты, у тысячны раз пытае сябе Пракоп і не знаходзіць адказу. Колас. Ніхто нічога не рабіў, толькі збіраліся па хатах і тысячны раз апавядалі адны другім, што здарылася з эшалонам. Карпюк.
2. Які складаецца з тысячы якіх‑н. адзінак. Тысячны атрад. // Які складаецца з вялікай колькасці, мноства каго‑, чаго‑н., які налічвае тысячы. Калі падыходзіць час нерасту, рыба, асабліва каштоўная (кета, гарбуша, чавыча), тысячнымі чародамі заплывае з Ахоцкага і Берынгава мораў у рэкі Камчаткі. Гавеман.
3. Вартасцю ў тысячу рублёў. // Які ацэньваецца тысячамі рублёў. Тысячныя даходы. □ [Андрэй:] — А вось скажы ты мне праўду. Калі б я не быў басяком-выгнаннікам, а важным чыноўнікам з акладам у тысячу рублёў, тады колькі дзён туліў бы ты мяне? [Валоціч:] — Атрымай тысячны аклад, і тады пытайся... Колас.
тыта́н 1, ‑а, м.
1. У старажытнагрэчаскай міфалогіі — бажаство з ліку волатаў, якое змагалася з багамі Алімпа, а таксама нашчадак волатаў.
2. перан. Чалавек вялікага таленту, надзвычайнае розуму. Які віхар воплескаў заўсёды раздаваўся, калі ў прэзідыуме паказвалася гэта магутная фігура тытана чалавечай мыслі [А. М, Горкага]. Купала. Ф. Энгельс, характарызуючы выдатных дзеячаў эпохі Адраджэння, назваў іх тытанамі па сіле думкі, страсці і характару, па шматбаковасці і вучонасці. Алексютовіч.
[Грэч. titanos.]
тыта́н 2, ‑у, м.
Хімічны элемент, цвёрды метал серабрыста-белага колеру, які шырока выкарыстоўваецца ў караблебудаванні, ракетнай і авіяцыйнай тэхніцы.
тыта́н 3, ‑а, м.
Вялікі кіпяцільнік асобай канструкцыі. — А ты бачыла, што ўжо тытан закіпеў? — звяртаецца да Вольгі Фрося. Васілевіч.
тыта́навы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да тытану, змяшчае ў сваім саставе тытан 2. Тытанавыя руды. Тытанавы сплаў.
тытанамагнеты́т, ‑у, М ‑тыце, м.
Мінерал падкласа складаных вокіслаў; разнавіднасць магнетыту.
тыта́ністы, ‑ая, ‑ае.
Які мае ў сваім саставе тытан 2. Тытаністы жалязняк.
тытані́т, ‑у, М ‑ніце, м.
Мінерал бурага, жоўтага ці зеленаватага колеру, які сустракаецца ў выглядзе дробных зярнят ці крышталяў і выкарыстоўваецца для атрымання тытану 2.
тытані́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да тытана 1; вызначаецца велізарнай фізічнай або маральнай сілай, розумам, талентам. Тытанічны герой «Адвечнай песні», Мужык.., стаў для Купалы чымсьці накшталт маральнага крэдытора. Бярозкін.
2. Уласцівы тытану 1; вялікі па сіле, размаху; грандыёзны. Нельга не здзіўляцца яго [А.Я. Багдановіча] сапраўды тытанічнай працаздольнасці. «Полымя». Ул.І. Ленін вёў у Кракаве тытанічную рэвалюцыйную работу. «Работніца і сялянка». З кожным годам усё больш велічна і неадхільна паўстае ў вачах сучаснікаў тытанічны подзвіг народа, які зламаў хрыбет шалёным звяругам. «Звязда».
ты́тул, ‑а, м.
1. Ганаровае радавое або дараванае дваранскае званне (барон, граф, князь і пад.), якое падкрэслівала прывілеяванае становішча асобы і патрабавала адпаведнага тытулавання (ваша благароддзе, ваша вялікасць, ваша яснавяльможнасць і пад.). Гаварылі, што .. [Гальвас] меў тытул не то графа, не то варона. Чорны. // Разм. Называнне асобы па роду занятку, займаемай пасадзе і пад. — Ну што ж, — сказаў Віктар. — Тытул домаўласніка — гэта якраз тое, чаго мне не хапала. Але нічога не зробіш, будзем будаваць свой дом. Палтаран. У каменданцкім загадзе, які быў расклеены па сценах дамоў гарадка, Паўлік значыўся поўным сваім тытулам: грамадзянін Арэшка Павел Фёдаравіч. Хомчанка. Новыя свацці (жадалі яны сабе гэтых тытулаў, прысвоеных ім дзецьмі, ці не) напярэдадні сышліся абмеркаваць план дзеянняў. Васілевіч. // Якое‑н. званне, што прысвойваецца каму‑н. у гонар прызнання заслуг. Францыск Скарына, узброены доктарскімі тытуламі, зарукай і грашыма віленскага гарадскога галавы, перакладаў, каменціраваў і друкаваў у Празе кнігі бібліі. «Полымя». Паказалі каляровыя афішы з партрэтамі [артыстаў]. У кожнага тытул: лаўрэат якогасьці конкурсу. Жычка. / у іран. ужыв. Акрамя выключнай схільнасці да красамоўства, уладальнік ёмістай лысіны быў надзвычай прагны да славы, да гучных тытулаў і чыноў. Лынькоў.
2. Загаловак кнігі. // Першая старонка кнігі, на якой надрукаваны загаловак, імя аўтара, год і месца выдання; тытульны ліст. Тытул набіраецца буйным шрыфтам. □ Устаючы, Алесь з нейкім дзіўным пачуццём пагладзіў пальцамі ліст тытула. Гэты сумны, нікому непатрэбны ліст з доўгім надпісам. Караткевіч.
3. У буржуазнай юрыспрудэнцыі — аснова якога‑н. права. Тытул уласнасці.
4. Спец. Назва каштарысаў капітальнага будаўніцтва ў СССР па аб’ектах, якія ўключаны ў тытульныя спісы.
[Лац. titulus — надпіс, ганаровае званне.]