рызыка́нтка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да рызыкант.
рызыка́нцік, ‑а, м.
Памянш.-зневаж. да рызыкант. Жадаючы перавесці размову на другую тэму, Сцяпан Захаравіч загаварыў: — А таму рызыканціку я камандзіроўку падпісаў... Гурскі.
рызыкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
1. Аднакр. да рызыкаваць.
2. з інф., на што і без дап. Нягледзячы на рызыку, адважыцца зрабіць што‑н. Хто з разведчыкаў не рызыкнуў бы на гэта? На вайне без рызыкі нельга. Новікаў. — Дык што, хлопцы, рызыкнём хіба? Як, Уладзік, рызыкнём? — звярнуўся Тургай да сяброў. Колас.
рызыко́ўнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць рызыкоўнага, смеласць. [Сімон] раптам прыціх, страціў сваю звычайную рызыкоўнасць. Самуйлёнак.
рызыко́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Звязаны з рызыкай, напоўнены рызыкай. Самая цяжкая ўсё-такі служба ў парашутыстаў-дэсантнікаў. Мужная, смелая. І рызыкоўная. Хомчанка. Доўнар ведаў, што яшчэ маладым інжынерам Пазняк пайшоў на рызыкоўную падпольную работу ў тыле ворага. Дуброўскі.
2. Непрыстойны, двухсэнсоўны. Нявеста сарамліва апускала вочы, калі п’яныя, аўдавелыя маладзіцы спявалі рызыкоўныя прыпеўкі. Асіпенка.
рык, ‑у, м.
Моцны працяглы напружаны роў (жывёл). Выпушчаныя з хлявоў каровы, агалошваючы наваколле мычаннем, рыкам, ашалела несліся ў сасоннік. Навуменка. // Дзікі роў, злоснае рыканне (лясных жывёл). Мядзведзі выходзілі з пушчы і сваім рыкам наводзілі жудасць на людзей. Хромчанка. Дзесьці забрахала гіена, і здалёку пачуўся рык ільва. Маўр.
рыка́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. рыкаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Ніна ўявіла вёску, ахопленую пажарам, крыкі і галашэнне жанчын, дзікае рыканне жывёлы, і ў яе замерла сэрца. Шчарбатаў. Здалёк, з пожні каля бярэзніку, даносілася рыканне кароў. Броўка.
рыка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Утвараць рык, рыканне (пра хатніх і лясных жывёл). На дварэ працяжна рыкала карова, чуўся клапатлівы гаспадынін голас. Мележ. Чуваць было, як у суседняй вёсцы рыкаў бугай. Дайліда. І хадзіў, хадзіў, каламі хадзіў вакол лясной хаткі леапард. Зрэдку рыкаў. Караткевіч. // перан. Утвараць моцныя, адрывістыя гукі, якія нагадваюць рык жывёл. А гром рыкаў ужо раз’юшана За кожнай елкай і сасной. Панчанка.
2. Разм. Груба, раздражнёна і адрывіста крычаць на каго‑н. — Ну, ты памалу, не рыкай, — бурчыць спакойна Іван. Лынькоў. — Не рыкаць на мяне! — яшчэ больш, гнеўна скарагаворкай агрызнуўся Вілюевіч. Грамовіч.
рыкашэ́т, ‑у, М ‑шэце. м.
1. Палёт якога‑н. цвёрдага цела пад вуглом пасля ўдару аб якую‑н. паверхню. Вось пырснуў пясок пад нагамі ў Кірэя, на рыкашэце запела куля. Дамашэвіч.
2. у знач. прысл. рыкашэ́там. Адскочыўшы, адляцеўшы пасля ўдару ад якой‑н. паверхні. Кожны [хлапчук] стараецца кінуць так, каб каменьчык адскочыў ад паверхні вады і рыкашэтам праскакаў па ёй як мага больш разоў. В. Вольскі. // перан. Ускосным чынам (паказала, выказана і пад.). Бародку краналі мала, хто-ніхто між іншым, рыкашэтам, як кажуць. Шамякін.
[Фр. ricochet.]
рыкашэ́тны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да рыкашэту, які папаў рыкашэтам. Рыкашэтная куля.