Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

проціле́гласць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць процілеглага (у 2 знач.); супярэчлівасць, карэнная розніца. Процілегласць поглядаў. Процілегласць інтарэсаў.

2. Тое (той), што (хто) у корані адрозніваецца ад іншага па сваіх якасцях, уласцівасцях. Поўнай процілегласцю Міколу быў Павел Стычынскі, ціхі хлапчук, кучаравы і прыгожы. Чарнышэвіч.

проціле́глы, ‑ая, ‑ае.

1. Размешчаны насупраць; які вядзе, ідзе ў адваротным напрамку. Збоку зашалясцела сена. Потым скрып. Не ў дзвярах, а ў процілеглым баку, у куце гумна... Чарнышэвіч. На процілеглым канцы першага з .. [пакояў], супраць дзвярэй, стаяў стол без настольніка. Колас. Рака разлілася так далёка, што процілеглы бераг хаваўся ў шызаватай дымцы. Даніленка.

2. Які супярэчыць чаму‑н., поўнасцю не супадае з чым‑н., карэнным чынам адрозніваецца ад чаго‑н. Процілеглыя погляды. Процілеглыя тэндэнцыі. □ Анэта і Агата, такія процілеглыя па характарах, на рабоце не выключалі, а дапаўнялі адна адну. Чарнышэвіч.

проціле́жны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і процілеглы. У процілежным баку дарога ішла роўна на далёкай адлегласці. Колас.

проціліхама́нкавы, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для папярэджання і лячэння ліхаманкі.

процімаляры́йны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для папярэджання і лячэння малярыі. Процімалярыйныя сродкі.

процімі́нны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для барацьбы з мінамі, які засцерагае ад мін. Процімінная артылерыя. Процімінная сетка.

проціпаве́траны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для барацьбы з варожай авіяцыяй і для абароны ад яе. Проціпаветраная ахова.

проціпажа́рны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для папярэджання або тушэння пажару. Проціпажарныя мерапрыемствы. Проціпажарная тэхніка. Проціпажарныя сродкі.

проціпаказа́нне, ‑я, н.

1. Асобная прыкмета або абставіны, якія паказваюць на немагчымасць або шкоднасць ужывання, прымянення чаго‑н.

2. Чыё‑н. паказанне, якое пярэчыць паказанню другога.

проціпака́заны, ‑ая, ‑ае.

Такі, якому ёсць проціпаказанне (у 1 знач.). Проціпаказанае лякарства.