Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пралювія́льны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да пралювію. Пралювіяльныя адкладанні.

пралюля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.

Разм. Люляць некаторы час. Пралюляць дзіця ўвесь вечар.

пра́ля, ‑і, ж.

Абл. Тое, што і пралля. Бывала ў цёмную зімнюю ноч самая позняя праля патушыць агонь у сваёй хаце, а ў Маланні блішчыць акенца ледзь не да дня. «Беларусь».

праляга́ць, ‑ае.

Незак. да пралегчы.

праляжа́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад праляжаць (у 3 знач.).

праляжа́ць, ‑жу, ‑шыш, ‑жыць і прале́жаць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак.

1. Прабыць у ляжачым становішчы некаторы час. Цэлы дзень праляжалі разведчыкі ў канаве. Васілеўская. Пастушок праляжаў на зямлі хвілін дзесяць і папоўз. Чорны. [Ціток] пралежаў на клеці тры ночы і нічога не прысачыў. Лобан. // Ляжаць хворым некаторы час. Паранены, .. [Бінке] вымушан быў легчы ў шпіталь і праляжаў там ажно пяць месяцаў. Шамякін. Назаўтра ў Рыты падскочыла тэмпература. Да самага Новага года, болей месяца, яна праляжала хворая. Навуменка. [Маці:] — Давай, сын, вядзі маладую гаспадыню ў хату. А то не маю сіл во, і адзін бог ведае, колькі пралежу пластом. Чыгрынаў.

2. Прабыць які‑н. час без ужывання, без увагі. [Аляксей] нядаўна атрымаў пісьмо з дому. Яно недзе пралежала два тыдні, але ўсё роўна было навіною з дому. Машара. А сцэнарый, скручаны ў трубачку, так і праляжыць да заўтрашняга дня, бо няма чаго над ім і думаць. Гаўрылкін. Падводную лодку з дна паднялі. Доўга праляжала, з сорак трэцяга. Б. Стральцоў.

3. перан.; што. Атрымаць пролежні ад доўгага ляжання. Праляжаць сабе бок. // Пратаптаць, сапсаваць што‑н. ляжаннем. Праляжаць канапу. □ — От хай ляжаць [грошы старых выпускаў], есці ж не просяць, месца не пралежаць. Місько.

пралямантава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак.

1. Моцна, працягла пракрычаць.

2. Лямантаваць некаторы час. Пралямантаваць увесь дзень.

праля́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Ляпаць некаторы час.

праляскаце́ць, ‑качу, ‑кочаш, ‑коча; зак.

Ляскатаць некаторы час.

праляскаце́ць, ‑качу, ‑кочаш, ‑коча; зак.

Тое, што і праляскатаць.

праля́скаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Ляскаць некаторы час.