Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пралі́цца, ‑льецца і ‑ліецца; зак.

1. Пацячы, паліцца. Выпадае мокры снег ці пральецца дождж-абліваха, і стане зорка [на абеліску] чырвоная, такая, якой і павінна быць. Шашкоў. Густыя асеннія хмары, што вось-вось гатовы праліцца дробным нудным дажджом, нізка плылі над лесам. Няхай. Там, дзе пралілася кроў прыгажуні Аліі і смелага юнака Касыма, выраслі яркія пунсовыя макі. Даніленка. Горкіх матчыных слёз праліецца нямала, Бо сыноўняя кроў на пялёсткі упала. Бачыла.

2. перан. Распаўсюдзіцца, разнесціся (пра святло, пах і пад.). Павеяла з мора азёрным цяплом, І водар паўднёвы праліўся... Глебка. — Жыве! — пралілося гарачай радасцю па ўсім целе. Кулакоўскі. // перан. Паэт. Раздацца, пранесціся (пра гукі). Дзесьці песня пральецца, — Маці чуецца голас знаёмы. Кірэенка.

праліццё, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. праліць і праліцца (у 1 знач.).

пралі́ць, ‑лью, ‑льеш, ‑лье; ‑льём, ‑льяце і ‑лію, ‑ліеш, ‑ліе; ‑ліём, ‑ліяце; зак., што.

Разліць. — Каб у бацюшкі ў засеках поўна было, — прыгаворваў Габрусь, калі бацюшка нагінаўся сербануць з чаркі, каб не праліць «жывой вадзіцы»... Чарот. — Не забудзь жа, хлопча, тры карабкі з паловай, — затыкаючы анучкай каністру, заклапочана гаварыла бабка Ганна. — Ды глядзі ж не пралі па дарозе. Аляхновіч. // перан. Выпраменьваць, пашыраць навокал (святло, гукі і пад.).

•••

Праліць кроў чыю — параніць, забіць каго‑н.

Праліць пот — папрацаваць.

Праліць (сваю) кроў за каго-што — ахвяраваць жыццё або быць параненым, змагаючыся за каго‑, што‑н.

Праліць святло на што — растлумачыць што‑н., зрабіць ясным, зразумелым.

пралі́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да пралічыцца.

пралічы́цца, ‑лічуся, ‑лічышся, ‑лічыцца; зак.

Памыліцца ў меркаваннях, падліках. [Старыковіч:] — Стог — пад неба, а сена ў ім па вазе не шмат. Пралічыліся, выходзіць. Асіпенка. Толькі .. [Сенька] пралічыўся — лазняк тут рос вузкай паласой, і не паспеў злодзей прабегчы і метраў з дваццаць, як выскачыў на адкрытае месца. Краўчанка.

пра́лля, ‑і, ж.

Разм. Жанчына, якая займаецца прадзеннем. Мастак паказаў на палатне маладую зграбную праллю з доўгай касой. Ліс.

прало́г, ‑а, м.

Уступная частка літаратурнага ці музычнага твора. У пралогу чытачы знаёмяцца з падзеямі, якія папярэднічалі таму, што апісана ў творы, або з агульнай задумай аўтара. А. Макарэвіч. // перан. Уступ да чаго‑н., пачатак чаго‑н. — Наша знаёмства будзе, так сказаць, пралогам да большага. Асіпенка.

[Грэч. prologos ад pro — перад і logos — слова, мова.]

прало́жаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пралажыць.

прало́м, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. праломліваць — праламаць (у 1 знач.).

2. Месца, адтуліна, прабітая, праламаная ў чым‑н. Віця спачатку лічыў дамы, але спатыкнуўся ў праломе тратуара і ледзь не ўпаў... Нядзведскі. Скрозь праломы ў сценах відаць разбураныя лесвіцы, абгарэлыя жалезныя бэлькі. Сяркоў.

прало́мвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да праламацца (у 1 знач.).

2. Зал. да праломваць.