пралі́цца, ‑льецца і ‑ліецца; зак.

1. Пацячы, паліцца. Выпадае мокры снег ці пральецца дождж-абліваха, і стане зорка [на абеліску] чырвоная, такая, якой і павінна быць. Шашкоў. Густыя асеннія хмары, што вось-вось гатовы праліцца дробным нудным дажджом, нізка плылі над лесам. Няхай. Там, дзе пралілася кроў прыгажуні Аліі і смелага юнака Касыма, выраслі яркія пунсовыя макі. Даніленка. Горкіх матчыных слёз праліецца нямала, Бо сыноўняя кроў на пялёсткі упала. Бачыла.

2. перан. Распаўсюдзіцца, разнесціся (пра святло, пах і пад.). Павеяла з мора азёрным цяплом, І водар паўднёвы праліўся... Глебка. — Жыве! — пралілося гарачай радасцю па ўсім целе. Кулакоўскі. // перан. Паэт. Раздацца, пранесціся (пра гукі). Дзесьці песня пральецца, — Маці чуецца голас знаёмы. Кірэенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)