Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пралама́цца, ‑ломіцца; зак.

1. Атрымаць пралом пад цяжарам чаго‑н. Пад танкам жа «271» насціл затрашчаў і праламаўся з аднаго боку. Мележ.

2. Спец. Адхіліцца, змяніць свой кірунак пры пераходзе з аднаго асяроддзя ў другое (пра радыёхвалі, светлавыя, гукавыя і інш. хвалі).

пралама́ць, ‑ламлю, ‑ломіш, ‑ломіць; зак., што.

1. Зрабіць дзірку, пралом; прабіць. [Гіль:] — Масток разбураны. Бачыце, цяжкая машына ішла, праламала. Гамолка. Як мне хацелася схапіць.. [камень] і праламаць ім паганы той чэрап!.. Ракітны.

2. Спец. Адхіліць, змяніць кірунак (радыёхваль, светлавых, гукавых і інш. хваль) пры пераходзе з аднаго асяроддзя ў другое.

праламле́нне, ‑я, н.

1. Спец. Адхіленне, змяненне напрамку (радыёхваль, светлавых, гукавых і інш. хваль) пры пераходзе з аднаго асяроддзя ў другое. Праламленне святла. Праламленне радыёхваль.

2. перан. Суб’ектыўнае асэнсаванне якога‑н. факта, якое мяняе яго сэнс, змест. Андрэй, слухаючы Грышу, адчуваў, што ў ім, у Грышы, паўтараецца ў нейкім сваім праламленні яго, Андрэя, палітычная маладосць. Пестрак.

праламля́льнасць, ‑і, ж.

Спец. Здольнасць светлавога праменя праламляцца пры пераходзе з аднаго асяроддзя ў другое. Праламляльнасць праменяў.

праламля́цца, ‑яецца; незак.

1. Незак. да праламацца (у 2 знач.).

2. перан. Кніжн. Атрымліваць, набываць іншы, новы сэнс, змест у чым‑н. Хораша, такім чынам, раскрываў крытык эвалюцыю светаўспрымання Брусава, заўважаючы, як супярэчліва праламлялася яна ў змесце і форме яго паэзіі. Лойка.

3. Зал. да праламляць.

праламля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да праламаць (у 2 знач.).

пралангава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пралангаваць.

пралангава́цца, ‑гуецца; незак.

Зал. да пралангаваць.

пралангава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; зак. і незак., што.

Спец. Прадоўжыць (прадаўжаць) тэрмін чаго‑н. Пралангаваць дагавор.

[Ад лац. prolongare — падаўжаць.]

праланга́цыя, ‑і, ж.

Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пралангаваць.