Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

праку́сваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да пракусіць, пракусаць (у 1 знач.).

пракусі́ць, ‑кушу, ‑кусіш, ‑кусіць; зак., што.

Упіўшыся зубамі, нанесці глыбокую рану; наскрозь прагрызці. Сабака пракусіў нагу. □ [Марта] да крыві пракусіла ніжнюю губу. Бядуля.

праку́шаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пракусіць.

пралажы́ць, ‑лажу, ‑ложыш, ‑ложыць; зак., што.

Тое, што і пракласці. Вузкакалейку пралажылі і па ёй тралююць бярвенне, возяць ваганеткамі торф. Сачанка. Дзед паказаў мне «шнурок», які толькі што пралажыў ліс. Мыслівец.

•••

Грудзьмі пралажыць сабе дарогу — тое, што і грудзьмі пракласці сабе дарогу (гл. пракласці).

Пралажыць дарогу — тое, што і пракласці дарогу (гл. пракласці).

прала́з, ‑у, м.

Адтуліна, вузкі праход, праз якія можна пралезці, прайсці. [Васіль] пачаў яшчэ больш упарта і настойліва другой рукою разграбаць пралаз... Сачанка.

прала́за, ‑ы, м. і ж.

Разм. Пранырлівы чалавек, прайдзісвет, спрытнюга. — Ну і пралаза гэты Чыкілёнак, — дадаў стары. Чыгрынаў. — Мяне абазвалі пралазай, ад мяне адвярнуліся некаторыя з тых, хто былі нават лепшымі сябрамі, калі я быў у прафкоме. Галавач.

прала́зіць 1, ‑лажу, ‑лазіш, ‑лазіць.

Незак. да пралезці.

прала́зіць 2, ‑лажу, ‑лазіш, ‑лазіць; зак.

Лазіць некаторы час. Пралазіць увесь дзень па гарах.

прала́зніцтва, ‑а, н.

Разм. Паводзіны, учынкі пралазы; хітрасць, пранырлівасць.

пралайда́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

Разм. Правесці марна час, нічога не зрабіўшы. Цэлы год ён пралайдачыў, а наступнай восенню, не захацеўшы зноў ганяцца за шчасцем, Іван .. пайшоў «у народ». Шахавец.

пралама́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад праламаць.