Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цеплаэлектрацэнтра́ль, ‑і, ж.

Цеплавая электрычная станцыя, што выпрацоўвае электраэнергію і цяпло, якое накіроўваецца спажыўцам у выглядзе гарачай вады і пары. Не бездапаможная карлікавая гідраэлектрастанцыя на Палаце, а магутная цеплаэлектрацэнтраль дае ўдосталь святла гораду і яго ваколіцам і энергіі прамысловым прадпрыемствам. Хадкевіч.

цеплаэнерге́тыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

Спец.

1. Галіна цеплатэхнікі, якая займаецца пераўтварэннем цеплаты ў іншыя віды энергіі (механічную і электрычную).

2. Тэорыя і практыка прымянення і эксплуатацыі цеплавой энергіі.

цеплыня́, ‑і, ж.

1. Нагрэтасць чаго‑н. Сашка Стафанковіч сядзеў, прыціснуўшыся да Любы.. ён адчуваў цеплыню яе твару. Чорны. Цёплымі аставаліся адны слёзы, ды і іх цеплыню.. [Лёдзя] адчувала не тварам, а далонямі. Карпаў. Дзверы расчыніліся, і Віктар з асалодаю нырнуў у густую цеплыню хаты. Зарэцкі. // Цёплае паветра ад чаго‑н. нагрэтага, гарачага; больш-менш высокая тэмпература, якая выходзіць ад чаго‑н.; цёплае асяроддзе. Ад торбы [з печанай бульбай] ішла прыемная цеплыня, прыграваючы Міколкаў бок. Лынькоў. [Марына] адразу ж падхапілася, бо ўспомніла, што цеплыня — гэта ўжо вораг адмарожаным.. нагам. Лупсякоў. // Цёплае надвор’е; цёплы клімат. Тым часам цеплыня з кожным днём бралася ў большую сілу, вясна наступала напорыста і ўпэўнена. Краўчанка. Бук добра расце ў парнай цеплыні Калхіды. Самуйлёнак.

2. Адчуванне ўнутранага цяпла, унутранай сагрэтасці. Лабановіч чуе, як прыемная цеплыня разыходзіцца па целе, і яму зусім добра тут. Колас. Гарачун адчуў, што па целе ў яго хваляю разлілася цеплыня. Васілёнак.

3. перан. Дабрата, сардэчнасць; добрыя, шчырыя адносіны да каго‑, чаго‑н. Нам не забыць навечна Цудоўнай дружбы дні, Сяброўскіх слоў сардэчных, Сяброўскай цеплыні. Кірэенка. Стары ветэран друку з цеплынёй успамінае свае сустрэчы з беларускім паэтам [М. Багдановічам]. С. Александровіч.

церабі́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Машына для цераблення лёну, канапель. — Добры лён? — пацікавіўся Лемяшэвіч. — На славу ўрадзіўся. Не ведаем, як і справімся. Далі церабілку. Новенькую. Шамякін.

церабі́льны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для цераблення лёну, канапель. Церабільная машына.

церабі́льшчык, ‑а, м.

Той, хто цярэбіць лён, каноплі.

церабі́льшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да церабільшчык.

церабі́цца, цераблюся, цярэбішся, цярэбіцца; незак.

1. Рабіць дробныя, частыя рухі рукамі і нагамі (пра чалавека), канечнасцямі (пра жывёлу), вызваляючыся ад каго‑, чаго‑н., з чаго‑н. Мухі старанна ўвіхаюцца каля яго і рады, што Петрык не вельмі цярэбіцца. Крапіва. Царкоўны стараста.. стаяў і спакойна пазіраў, як Мадэст церабіўся ў гразі і не мог вывалачы з балота ног. Колас. Недзе з алешыны, з камля, падала на ваду і бездапаможна церабілася чорная малюсенькая мурашка. Адамчык.

2. Чысціцца дзюбай (пра птушак). [За канавай] сядзела і церабілася чародка белых качак. Ракітны.

3. Абл. З цяжкасцю, намаганнямі ісці, рухацца. [Партызаны] сталі асцярожна церабіцца да азярка. Навуменка. Неяк раз, толькі пачынала днець, Мірон церабіўся дамоў — паспець звесці вочы, пакуль маці пачне штурхаць пад бок. Кудравец.

4. Зал. да церабіць.

церабі́ць, цераблю, цярэбіш, цярэбіць; незак., каго-што.

1. Прасякаць, прачышчаць лес. [Дзед Бадыль:].. ельнік такі густы, што і барсук не пралезе. Церабіць трэба. Крапіва. // Абсякаць галіны, сучча з паваленых дрэў. Лес валілі і церабілі незнаёмыя людзі. Дуброўскі. // Пракладаць, расчышчаць (дарогу, шлях), высякаючы кусты, дрэвы. Як ісці ды ісці — зайшлі [браты] ў такі цёмны лес, што і выбрацца з яго не могуць. Давай браты дарогу сабе церабіць: стукне Вячорнік булавою — асіны падаюць; стукне Паўночнік — елкі валяцца, а як стукне Світаннік — дубы з карэннямі выварочваюцца. Якімовіч. / у перан. ужыв. Будуем мартэны і домны, Будуем гіганты-заводы. Будуем, няволі не знаем, Цярэбім да шчасця дарогі. Купала. Ваяўнічая паэзія [П. Панчанкі] ідзе ў авангардзе часу, яна смела цярэбіць шлях наперад. Бялевіч. // Абчышчаць гародніну ад бацвіння, карэньчыкаў і пад. Церабіць буракі. □ Юстына церабіла цыбулю. Баранавых.

2. Чысціць дзюбай пер’е (пра птушак). Самотна бусел даўганогі Крыло цярэбіць на гняздзе. Калачынскі. // Вытрасаць, вылузваць, выкалупваць што‑н. з сярэдзіны чаго‑н. Нават вавёрка, што зусім блізка церабіла яловую шышку, і тая, відаць, не заўважала пагранічніка. Шыловіч. Мясцовы гаспадар крумкач хваёвых шышак церабіць не дазваляе. Корбан. // Разм. Хапаючы, прагна есці. Госці церабілі кілбасу з капустаю. Колас. [Мікуць] доўга глядзеў, як завадская свіння цярэбіць зялёную канюшыну. Чорны. / у перан. ужыв. Асабліва моцна воўчае племя церабіла авечыя чароды... Мележ.

3. Тузаць, торгаць, перабіраць пальцамі што‑н. [Аўсянік] нервова цярэбіць махры на шаліку, якім абвязана шыя, нібы яму займае дыханне. Навуменка. Дзяўчына церабіла канцы цёплай хусткі. Карпюк. // перан. Разм. Надакучаць пытаннямі, просьбамі, справамі. — А паштоўку цяжка было напісаць? Мы б ведалі. А то з камітэта мяне цярэбяць: дзе Шукан ваша? А што я магла адказаць? Савіцкі.

4. Вырываючы з коранем, убіраць машынай з поля (лён). Церабіць лён.

церабле́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. церабіць.