церабіцца, цераблюся, цярэбішся, цярэбіцца; незак.
1. Рабіць дробныя, частыя рухі рукамі і нагамі (пра чалавека), канечнасцямі (пра жывёлу), вызваляючыся ад каго‑, чаго‑н., з чаго‑н. Мухі старанна ўвіхаюцца каля яго і рады, што Петрык не вельмі цярэбіцца. Крапіва. Царкоўны стараста.. стаяў і спакойна пазіраў, як Мадэст церабіўся ў гразі і не мог вывалачы з балота ног. Колас. Недзе з алешыны, з камля, падала на ваду і бездапаможна церабілася чорная малюсенькая мурашка. Адамчык.
2. Чысціцца дзюбай (пра птушак). [За канавай] сядзела і церабілася чародка белых качак. Ракітны.
3. Абл. З цяжкасцю, намаганнямі ісці, рухацца. [Партызаны] сталі асцярожна церабіцца да азярка. Навуменка. Неяк раз, толькі пачынала днець, Мірон церабіўся дамоў — паспець звесці вочы, пакуль маці пачне штурхаць пад бок. Кудравец.
4. Зал. да церабіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)