нікеліро́вачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да нікеліроўкі. Нікеліровачная майстэрня.
нікеліро́ўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. нікеліраваць.
2. Слой нікелю на металічных вырабах. За печчу — жалезны ложак. Нікеліроўка абгарэла, і ложак быў сіне-чорны. Асіпенка.
нікеліро́ўшчык, ‑а, м.
Рабочы, які займаецца нікеліроўкай.
ні́кель, ‑ю, м.
1. Серабрыста-белы тугаплаўкі метал.
2. Верхні слой з гэтага металу на паверхні металічных вырабаў. Трапяткія водбліскі запалкі .. успыхвалі на які міг на нікелі дзвярной ручкі і знікалі. Лынькоў.
[Ням. Nickel.]
ні́клы, ‑ая, ‑ае.
1. Які схіліўся к долу. [Твар лесніка] быў круглы, чырвоны, як цагліна, з густымі, ніклымі вусамі. Сіўцоў.
2. Слабы, ледзь адчувальны. Уверсе пад іконай бліскала ніклае святло. Карпюк. Навакольная глуш ахутвала.. будынак, і стукі ў шыбіну здаваліся ніклымі, палахлівымі. Пестрак.
ні́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.
1. Схіляцца, нахіляцца, апускацца. На балоце нікнуць лозы, Вецер ломіць гай. Колас. У глыбокай зямлянцы, недзе пад густым ельнікам, пры скупым святле.. лямпы ніклі над сталом тры галавы. Асіпенка. // Прынікаць, хіліцца да каго‑, чаго‑н. Халодны бруснічнік суцішае боль пацёртай нагі, мякка нікне галава да пушыстага моху ўгрэтай сонцам купіны. Лынькоў. Ніклі да зямлі кволыя сцяблінкі пшаніцы, падалі ў пякучы прысак пажоўклыя калівы бульбы. Кандрусевіч. // (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Вянуць. Па дарогах, па сцяжынках Ходзіць страшны Сухавей. Дзе дыхне — там нікнуць травы. Парахневіч.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Станавіцца слабейшым па сіле праяўлення; слабець. [Ганс] гатовы ўскрыкнуць, зваць на дапамогу, але адчувае, як нікне, прападае голас. Лынькоў. Мне цяпер уявіць немагчыма — Нікне розум, маўчыць ўяўленне. Дзяргай.
3. перан. Знікаць. Сымон бярэ .. [Зоську] за руку і абое нікнуць у цемнаце. Купала. Бялее пад нагамі дарога, што спускаецца з гары да моста і недзе нікне там. Пташнікаў.
ніко́лечкі, прысл.
Разм. Памянш.-ласк. да ніколькі. Ліпа з Сяргеем танцавала кожны танец і ніколечкі не адчувала стомы. Хомчанка. Змакрэў чуб у мяне, засапліся мае памочнікі, а скат ніколечкі не пацвярдзеў. Кулакоўскі.
ніко́лі, прысл.
Ні ў які іншы час; ні пры якіх умовах, акалічнасцях. Сцёпку ніколі не даводзілася быць на станцыі. Колас. Я ніколі яшчэ нікому не пісаў пісем. Якімовіч. [Алесь:] — Па-сапраўднаму шчаслівы той, хто ніколі не адчувае поўнага задавальнення. Шыцік.