гука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. каго. Аклікаць, зваць. — Цімох! Кірыла! — нарэшце гукае .. [дзед Мірон]. — Падыйдзіце .. сюды! Даніленка. Ля варот яго хтосьці паклікаў. Павярнуўшы галаву і ўбачыўшы таго, хто яго гукаў, Мікола сумеўся. Сіняўскі.
2. Гучна гаварыць, крычаць. — Паехалі! — гукае шафёр. Ракітны. На двары гулі машыны, і на кагосьці ўсё гукала дзяжурная: — Ну, толькі звязі маю хустку! Адамчык.
3. Абл. Гаварыць, размаўляць. Ля клуба стукаў рухавік. Дзяўчаты гукалі ў халоднай і ядранай маладой начы. Пташнікаў.
гукну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Аднакр. да гукаць (у 1, 2 знач.).
гул, ‑у, м.
Працяжны аддалены шум, грукат. Самалёты зніклі, паступова суцішыўся іх гул. Мележ. Вечар звінеў ад цыкад. У гарах стаяў няясны гул, нібы недзе далёка рушыліся абвалы. Каваль.
гуле́ц, ‑льца, м.
Разм. Удзельнік якой‑н. гульні. Новая прыгода паддала гульцам весялосці, бо накіравала іх думкі ў другі бок ад азарту, троху зменшыла палкую цікавасць да картаў. Гарэцкі. // Любіцель гуляць у што‑н.
гу́лі, ‑яў; адз. няма.
Разм. Гулянне, забава. Балі ды гулі ў лапці абулі. З нар. Эх, як весела жыць: песні, музыка... Ну, гуляй, каму хочацца гу́ляў... Чарот.
гу́лкасць, ‑і, ж.
Добрае гучанне; звонкасць, гучнасць. — Хораша выходзіць! — забыўшы ўсё на свеце, захоплены гулкасцю і выразнасцю водгулля, прамовіў Садовіч і гукнуў яшчэ раз. Колас.
гу́лкі, ‑ая, ‑ае.
1. Гучны, далёка чутны. Гулкія грымоты. □ Уласныя крокі палохалі Леаніда — яны здаваліся яму занадта гулкімі. Шахавец. Гулкі фабрычны Гудок пранясецца, Сілай крынічнай Работа пальецца. А. Александровіч.
2. Здольны ўзмацняць гул; з моцным рэзанансам. Гучны адзінокі стрэл пачуўся воддаль, рэха пранесла яго далёка, і ён паўтарыўся недзе ў гулкай цясніне гор. Самуйлёнак. А музыкі ў гулкай зале Ладзяць скрыпкі і цымбалы. Бядуля.
гуллі́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць гуллівага. Калі гатова была наладзіцца зноў атмасфера бурнай весялосці, бесклапотнай гуллівасці, гарэзлівасці, нехта ўвайшоў у пакой, абвясціў: — У горадзе пажар! Лынькоў.