Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

горнапрахо́дчы, ‑ая, ‑ае.

Звязаны з праходкай горных вырабатак. Горнапраходчая брыгада.

горнарабо́чы, ‑ага, м.

Рабочы горнай прамысловасці; гарняк.

горнастралко́вы, ‑ая, ‑ае.

Спецыяльна абучаны і прызначаны для вядзення баявых дзеянняў у гарах (пра войска). Горнастралковы полк.

го́рны 1, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да гары (у 1 знач.). Горны ланцуг. Горнае паветра. // Які знаходзіцца ў гарах. Горнае паселішча. Горныя лугі. □ Стала так ціха, што здавалася — ручай грыміць, як горны вадапад. Самуйлёнак. // Гарысты; пакрыты гарамі. Горная краіна. // Прызначаны для выкарыстання ў гарах. Горная артылерыя. Горныя лыжы.

2. Які здабываецца з зямных нетраў. Горныя руды.

3. Які мае адносіны да распрацоўкі зямных нетраў. Горны інжынер. Горны камбайн.

•••

Горная хвароба гл. хвароба.

Горны баран гл. баран (у 2 знач.).

Горны хрусталь гл. хрусталь.

Горны лён гл. лён.

го́рны 2, ‑ая, ‑ае.

Разм. Поўны горычы, гора; гаротны. І маёр штораз прыгорне Да грудзей сваіх малую: — Не журыся, сум твой горны Я душой таксама чую. Кірэенка.

го́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да горца, горцаў, належыць ім. Горскія плямёны. Горскае паселішча.

го́ршаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Рабіцца горшым, пагаршацца. Самаадчуванне [Андрэя] з кожнай гадзінай горшала.., усё цяжэй станавілася дыхаць. Кулакоўскі.

го́ршы, ‑ая, ‑ае.

Выш. ст. да прым. дрэнны.

го́рыч, ‑ы, ж.

1. Горкі пах, горкі смак. Горыч дыму. □ Дзіцячай усмешкай застыну, Калі прыгадаецца ранак, Забытая горыч палыну, Драўляны даверлівы ганак. Вярба.

2. перан. Цяжкае, горкае пачуццё, выкліканае горам, няўдачай, крыўдай і пад. Горыч паражэння. Горыч разлукі. □ Боль і горыч ад незаслужанай крыўды ахапілі сэрца старога, і ён, стоячы на скрыжаванні дарог, у думках звяртаецца да сына. Хромчанка.

го́сцейка, ‑і, ДМ ‑цейцы; Р мн. ‑цеек; ж.

Ласк. да госця.

го́сцеў, ‑ева.

Які належыць госцю. І машыны госцевы свой сунімаюць рух. Чарнушэвіч.