пракуда́хтаць, ‑хчу, ‑хчаш, ‑хча; зак.
1. Абазвацца кудахтаннем.
2. Кудахтаць некаторы час.
праку́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.
Разм. Сваволіць, штукарыць; гарэзіць.
праку́длівы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які любіць пракудзіць; свавольны, гарэзлівы. Ад нараджэння ў нутры маім вечным госцем асталявалася гультайства. Істота нябачная, але надзвычай пракудлівая. Мала таго, што сама не любіць працаваць, дык і мяне падбухторвае на гэта. Пальчэўскі. // Які з’яўляецца свавольствам, штукарствам. Шэйдак ведаў: за Людку няма каму заступіцца,.. яшчэ больш выдумляў розных пракудлівых рэчаў і не даваў ёй спакойна сядзець. Сабаленка.
пракукава́ць, ‑кукую, ‑кукуеш, ‑кукуе; зак.
1. Пракрычаць «ку-ку». Бор зусім прыціх, Змаўкаюць дробных птушак галасы, — Яна [зязюля] пракукавала тры разы. Куляшоў.
2. Кукаваць некаторы час. Пракукаваць увесь вечар.
пракукарэ́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. Пракрычаць «кукарэку». Хоць недзе далёка асіпла пракукарэкаў певень — наступіла поўнач, — заснуць ніхто не мог. Новікаў.
2. Кукарэкаць некаторы час.
пракульга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Прайсці кульгаючы. Цераз вуліцу пракульгаў Каліткаў Валадым. Вітка. Атаманавіч пракульгаў да стала, на сваё даўнейшае месца. Паўлаў.
пракультывава́ць, ‑тывую, ‑тывуеш, ‑тывуе; зак., што.
Правесці культывацыю, узрыхленне перад сяўбой. Пракультываваць глебу.