шыракадзю́бы, ‑ая, ‑ае.
Які мае шырокую дзюбу. — Паплылі! — гукнуў, як рэха, Папугай шыракадзюбы. Лужанін.
шыраказа́ды, ‑ая, ‑ае.
Які мае шырокі зад, таз. Банадысь сеў у сані і сцебануў пугаю сытую, шыраказадую кабылу. Чорны.
шыракакры́лы, ‑ая, ‑ае.
Які мае шырокія ў размаху крылы. Чараду вёў ёмкі шыракакрылы гусак. Хадкевіч.
шыракакры́сы, ‑ая, ‑ае.
Які мае шырокае крысо, крыссе. Шыракакрысы сурдут.
шыракала́пы, ‑ая, ‑ае.
Які мае шырокія лапы. Потым «Волга» ўляцела спачатку ў драбналессе, а праз якія пяць хвілін да дарогі падступілі вялікія шыракалапыя елкі. Хомчанка.
шыракалі́сты, ‑ая, ‑ае.
Які мае шырокае лісце. Пад шыракалістымі клёнамі, на лаўцы, насупраць будынка Музея Янкі Купалы, сядзяць старажылы-мінчане. Хведаровіч. Там, дзе вада спадала, прабівалася і жаўцела буйная шыракалістая лотаць. Колас.
шыракало́бы, ‑ая, ‑ае.
Які мае шырокі лоб. Праз хвілін колькі ў пакой увайшоў строгі мужчына, высокі, шыракалобы, з касмылямі шэрых валасоў на палыселай галаве. Дуброўскі.
шыракано́ска, ‑і, ДМ ‑носцы; Р мн. ‑носак; ж.
Вадаплаўная птушка падсямейства качак, якая мае доўгую расшыраную на канцы дзюбу. Аб гнездаванні шыраканоскі на тэрыторыі Палесся можна меркаваць па экспанатах яе яек, што захоўваюцца ў Пінскім музеі. «Весці».
шыракано́сы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае шырокі нос. Было смешна глядзець на адзеравянелы шыраканосы твар Яўмена і па-блазенску невінаватыя вочы ката. Асіпенка.
2. Разм. З шырокім носам, наском. Шыраканосыя чаравікі.
•••
Шыраканосыя малпы — назва групы прыматаў.
шыракапле́чы, ‑ая, ‑ае.
Шырокі ў плячах. У пакой ускочылі два салдаты, высакарослыя і шыракаплечыя. М. Ткачоў. Неяк падвечар на парозе сянец з’явілася шыракаплечая постаць Івана Іванавіча. Даніленка.