Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

удзе́лены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад удзяліць.

удзе́льнасць, ‑і, ж.

Удзел у чым‑н., дачыненне да чаго‑н.

удзе́льнік, ‑а, м.

Той, хто прымае ўдзел у чым‑н. Удзельнікі нарады, панурыя, незадаволеныя, не спяшаючыся, выходзілі з кабінета. Марціновіч. Быў канец жніўня — час, калі спяшаліся на вучобу студэнты, вярталіся ўдзельнікі шматлікіх экскурсій. Даніленка. Мой брат — камсамолец, Удзельнік вайны. Астрэйка.

удзе́льніца, ‑ы, ж.

Жан. да удзельнік.

удзе́льнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., у чым.

Прымаць, браць удзел, займацца разам з кім‑н. якой‑н. справай. Удзельнічаць у выбарах. Удзельнічаць у спаборніцтвах. □ Рагожын разам з аднапалчанамі штурмаваў нямецкую групоўку пад Дзям’янскам, удзельнічаў у баях за Вялікія Лукі. «Звязда». // Быць членам чаго‑н. [Тацяна і Жэнька] разам вучыліся ў сямігодцы, разам удзельнічалі ў драматычным гуртку. Шамякін.

удзе́льны 1, ‑ая, ‑ае.

Які мае непасрэдныя адносіны, дачыненне да чаго‑н.

удзе́льны 2, ‑ая, ‑ае.

Гіст. Які мае адносіны да феадальнага уладання — удзела ​2. Удзельнае княства.

удзе́льны 3, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да вымярэння вагі, аб’ёму, уласцівасцей рэчыва, якой‑н. з’явы ў адносінах да чаго‑н., а таксама да адзінкі іх вымярэння. Удзельная цеплаёмістасць.

•••

Удзельная вага гл. вага.

удзе́нь, прысл.

Днём. Першыя суткі [партызаны] ішлі толькі ўночы, а ўдзень сядзелі на невялічкім грудку між балота, выглядвалі, разведвалі праходы. Кулакоўскі. А ў небе ўдзень і вечарамі Высока роўнымі шнурамі Злятаўся вырай жураўліны. Колас.

удзесяцёх, прысл.

У колькасці дзесяці чалавек (толькі пра мужчын ці толькі пра жанчын).

удзесяцяра́цца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да удзесяцярыцца.

2. Зал. да удзесяцяраць.

удзесяцяра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да удзесяцярыць.