Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рыжына́, ‑ы, ж.

Разм. Рыжы колер; адценне рыжага колеру. Рыжына ў валасах.

рыжэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; незак.

1. Станавіцца рыжым, рыжэйшым. Валасы рыжэюць. □ Лён ужо даўно адцвіў, зялёныя буйныя галоўкі пачыналі рыжэць, перашэптваліся на ветры. Гурскі. Заставалася яшчэ з паўгадзіны часу да заходу сонца, а сена было ўжо ўсё згрэбена і зложана ў копы, каб не рыжэла ад расы. Колас.

2. Вылучацца сваім рыжым колерам, віднецца (пра што‑н. рыжае). На высокіх узгорках рыжэла ржышча. Броўка.

ры́за, ‑ы, ж.

1. Адзенне, якое надзявае свяшчэннік пры набажэнстве. Святая служба канчаецца. Цішкевіч бубніць апошнія малітвы, а. Мадэст скідае рызы. Колас. Айцец Ануфрый быў у пазалочанай рызе. П. Ткачоў. // Параднае, упрыгожанае золатам і серабром адзенне маскоўскіх цароў.

2. Металічная накладка на іконах, якая пакідае адкрытым толькі здымак твару і рук. Тады ён [Юхім] кінуў чарку і ў святліцу, Дзе спала Наста некалі, пайшоў, Там запаліў васковую грамніцу Пад рызамі закураных багоў. З. Астапенка.

рызасфе́ра, ‑ы, ж.

Прыкаранёвая зона глебы, у якой сканцэнтравана вялікая колькасць мікраарганізмаў (бактэрый, грыбоў, актынаміцэтаў).

[Ад грэч. rhíza — корань і sphaira — шар, вобласць.]

рызасфе́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рызасферы.

рыззё, ‑я, н., зб.

Разм. Старое, падранае адзенне. Пятрова жонка складвала .. [у скрыню] непатрэбнае рыззё. Новікаў. Былыя вязні ішлі праз нашы Макраны дадому. Зарослыя бародамі, у рыззі. Каліна. // Анучы, старызна. Затыкала [маці] рыззём аканіцу Ды запальвала ў кухні газніцу. Бічэль-Загнетава. Кастусь віў вуду, чапляў кручок, куплены ў праезджага каравачніка за старое рыззё, і на чарвяка лавіў тоўстых і крыху лянівых плотак. Ваданосаў.

рыззёвы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рыззя.

рызі́на, ‑ы, ж.

Эластычны матэрыял, які атрымліваецца шляхам вулканізацыі каўчуку; гума.

[Ад лац. resina — смала.]

рызі́навы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рызіны. Рызінавая вытворчасць. // Зроблены з рызіны. Рызінавая камера. Рызінавы абутак.

рызі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Разм.

1. Невялікі кавалачак рызіны, якім сціраюць напісанае; сцірка.

2. Ніткі з рызіны, а таксама шнур, тасьма з рызінавых нітак. Кароткія рукавы .. рызінкамі нацерлі вышэй локцяў шырокія чырвоныя палоскі. Вітка.

3. Спецыяльны від вязання, які мае ўласцівасць расцягвацца. Вязаць рызінкай.