муля́жны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да муляжу. Муляжная майстэрня.
муляжы́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Спец. Спецыяліст па вырабу муляжоў.
му́ляр, ‑а, м.
1. Рабочы, які будуе што‑н. з каменя або цэглы. Муляр з цэглы дом кладзе, Сценка ў сценку роўныя. Астрэйка. Каб добра, якасна будаваць, трэба, каб у брыгадзе былі людзі некалькіх кваліфікацыій: цесляры, муляры, тынкоўшчыкі. Кулакоўскі.
2. Пячнік. [Вано] цэлыя дні стаяў каля муляра, які рабіў печ у хаце суседа. Самуйлёнак.
муля́рка, ‑і, ДМ ‑рцы, ж.
Разм. Прафесія, занятак муляра; мулярныя работы. [Стары:] — Лячэнне — лячэннем, а да працы возьмецца — кіпіць. І што ні возьме — сталярку, мулярку, шавецкае. Залатыя рукі! Брыль.
муля́рскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да муляра; прызначаны для работы муляра. Мулярскі інструмент. // Які складаецца з муляроў. Кравец быў далучан да адной з мулярскіх брыгад. Чорны.
муля́рства, ‑а, н.
Прафесія, занятак муляра.
му́ляцца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Тое, што і муляць (у 1 знач.).
2. перан. Разм. Праяўляць нерашучасць; мяцца (у 3 знач.). Стасю не дужа хочацца карабкацца па крутых схілах. Ён муляецца, аднекваецца, але ўсё не ідзе. Асіпенка. — Я, Нікандраўна, не цураюся працы хоць якой хочаш. І ў калгасе. І працадзень багаты, ведаю... — муляўся хлопец, не даючы яснага адказу. Дуброўскі.
му́ляць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прычыняць боль, ціснуць, націраць. Лямкі рэчавых мяшкоў паўпіваліся ў размоклыя кажухі і мулялі плечы. Карпюк. Цэмент, калючыя каменьчыкі набіваліся ў чаравікі і мулялі ступню. Вышынскі. / у безас. ужыв. [Селянін] за плячыма нёс нешта важкае, яму, відаць, муляла, ён часта спыняўся і папраўляў мяшок. Гурскі.
2. перан.; каму-чаму і без дап. Турбаваць, непакоіць, трывожыць каго‑, што‑н.; дакучаць каму‑н. Убачыўшы трох мужчын разам ды шчэ плуг каля іх, рэдка хто мог уцярпець, каб не падысці і не пацікавіцца. А падышоўшы, уцягваўся неўзаметку ў гутарку і садзіўся, невыразна адчуваючы, што яму яшчэ муляе нейкая невялікая работа, якую трэба зрабіць да вечара. Крапіва. [Зарэцкі:] — У мяне часта бывае так, што якая-небудзь ідэя.. муляе ўвесь час, пакуль ад яе не адчэпішся. Скрыган.
•••
Муляць вочы каму — назаляць каму‑н. чым‑н.
муміё, нескл., н.
Прыродны смолападобны прадукт біялагічнага паходжання, які выцякае з трэшчын скал і выкарыстоўваецца ў медыцыне.
муміфікава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад муміфікаваць.