му́ляць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прычыняць боль, ціснуць, націраць. Лямкі рэчавых мяшкоў паўпіваліся ў размоклыя кажухі і мулялі плечы. Карпюк. Цэмент, калючыя каменьчыкі набіваліся ў чаравікі і мулялі ступню. Вышынскі. / у безас. ужыв. [Селянін] за плячыма нёс нешта важкае, яму, відаць, муляла, ён часта спыняўся і папраўляў мяшок. Гурскі.
2. перан.; каму-чаму і без дап. Турбаваць, непакоіць, трывожыць каго‑, што‑н.; дакучаць каму‑н. Убачыўшы трох мужчын разам ды шчэ плуг каля іх, рэдка хто мог уцярпець, каб не падысці і не пацікавіцца. А падышоўшы, уцягваўся неўзаметку ў гутарку і садзіўся, невыразна адчуваючы, што яму яшчэ муляе нейкая невялікая работа, якую трэба зрабіць да вечара. Крапіва. [Зарэцкі:] — У мяне часта бывае так, што якая-небудзь ідэя.. муляе ўвесь час, пакуль ад яе не адчэпішся. Скрыган.
•••
Муляць вочы каму — назаляць каму‑н. чым‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)