Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

электара́т

(англ. electorat, ад лац. elector = выбаршчык)

сукупнасць выбаршчыкаў, што галасуюць за якую-н. палітычную партыю або за якога-н. палітычнага дзеяча на парламенцкіх, прэзідэнцкіх або муніцыпальных выбарах.

электро́д

(ад гр. elektron = янтар + hodos = дарога)

1) праваднік, якім заканчваецца ўчастак электрычнага ланцуга;

2) састаўная частка гальванічнага элемента, матэрыял якога непасрэдна ўдзельнічае ў электрахімічнай рэакцыі;

3) праваднік у выглядзе сеткі або пласціны, змешчаны ўнутры электроннай лямпы з мэтай стварэння электрычнага поля.

электро́ніка

(англ. electronics, ад гр. elektron = янтар)

1) раздзел фізікі, які вывучае электронныя працэсы ў вакууме, газах, цвёрдых целах;

2) галіна тэхнікі, якая звязана з вытворчасцю і прымяненнем электронных прыбораў;

3) электронныя прыборы, устройствы, машыны.

электрыфіка́цыя

(ад гр. elektron = янтар + лац. facere = рабіць)

шырокае прымяненне электрычнай энергіі ў вытворчасці і быце.

элеме́нт

(лац. elementum = стыхія, першапачатковае рэчыва)

1) простае рэчыва, якое ўжо нельга раскласці на больш дробныя (напр. перыядычная сістэма элементаў);

2) састаўная частка чаго-н.; дэталь якога-н. механізма;

3) доля чаго-н. у чым-н. (напр. усходнія элементы ў паэзіі);

4) член сацыяльнай групы (напр. прагрэсіўныя элементы грамадства, злачынныя элементы).

элемента́рны

(лац. elementarius)

1) зыходны, пачатковы (напр. э-ая матэматыка);

2) прасцейшы, нескладаны (напр. э. схема);

3) асноўны, самы неабходны (напр. э-ыя ўмовы);

4) найменшы з вядомых, з наяўных (напр. э-ыя часціцы).

эліксі́р

(фр. élixir, ад ар. al-iksir = філасофскі камень)

1) выцяжка з раслін ці моцны настой чаго-н. на спірце, які ўжываецца ў медыцыне і касметыцы (напр. зубны э.);

2) фантастычны напітак, які марна шукалі алхімікі як сродак, што нібыта зможа прадоўжыць чалавечае жыццё.

элі́та

(фр. élite)

1) адборныя расліны або жывёлы, пакінутыя для вывядзення сорту ці пароды (напр. э. пшаніцы);

2) лепшыя прадстаўнікі якой-н. часткі грамадства (напр. тэатральная э.);

3) група асоб, якая ажыццяўляе кіроўныя функцыі ў грамадстве (напр. палітычная э.).

эмансіпа́цыя

(лац. emancipatio)

вызваленне ад якой-н. залежнасці, прыгнёту, забабонаў; ураўноўванне ў правах (напр. э. жанчын).

эмба́рга

(ісп. embargo = накладванне арышту, забарона)

1) забарона на ўвоз у краіну ці вываз за яе межы золата, пэўных відаў тавараў, зброі і інш.;

2) затрыманне суднаў і грузаў, якія належаць іншай дзяржаве, у сувязі з палітычнымі ўскладненнямі.